Рыгор Кастусёў: Возьмем паяльныя лямпы
У апазіцыйных кандыдатаў ёсць “агульны падыход правядзення мірных акцыяў пратэсту. Пра гэта заявіў кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падчас сустрэчы з выбаршчыкамі.
У апазіцыйных кандыдатаў ёсць “агульны падыход правядзення мірных акцыяў пратэсту. Пра гэта заявіў кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падчас сустрэчы з
выбаршчыкамі.
“Праўда, мы выказалі хваляванне, што ўлада можа справакаваць сітуацыю, — сказаў кандыдат. — Тая заява, якую зрабіў Макей, я лічу, што гэта таму пацвярджэнне. У 2006 годзе
палохалі крысамі дохлымі, што апазіцыя ваду атруціць. Ну а зараз ён іншае ўжо прыдумаў, што будуць выбухі. Мы адназначна ніякія ні выбухі, ні правакацыі не рыхтуем. Але будзем рабіць захады, каб і
ўлада не дапусціла такія правакацыі.
Сустрэча з кандыдатам адбылася ў Мінску 15 снежня на Камароўскім рынку. Адно з галоўных пытанняў, якое цікавіла людзей, гэта што будзе адбывацца на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня.
Рыгор Кастусёў запэўніў, што план дзеянняў у апазіцыі ёсць. І ён прадугледжвае розныя варыянты. “План дзеянняў будзе той, які будзе найбольш падыходзіць да той сітуацыі, якая складзецца на
плошчы. Ёсць некалькі накірункаў. Неабавязкова, што будзе паўтор мінулагодніх выбараў. Пад кожную сітуацыю ёсць план, — сказаў ён.
“Там залілі каток. Што нам рабіць? — запытала жанчына. “Ведаю, — сказаў Рыгор Кастусёў. — Будзем браць пясок, паяльныя лямпы, будзем расплаўляць
гэты лёд.
Задалі пытанне і пра рэйтынг. “Я праехаў Беларусь ад Хоцімска, гэта самы ўсходні раён, да Камянца, Брэста і Гродна, — распавёў кандыдат. — Прыхільнікаў Лукашэнкі ў Беларусі
па ўсіх рэгіёнах у сярэднім па 30 працэнтаў засталося. Тыя, якія прагаласуюць за яго. У Мінску — 22–25 працэнтаў. Усе астатнія не збіраюцца галасаваць за Лукашэнку. Таму калі
кажуць, што рэйтынг Лукашэнкі 75 працэнтаў, гэта хлусня.
Сталага веку мужчына абурыўся: “Трэба забараніць датэрміновае галасаванне. Гэта рассаднік фальсіфікацый. Гэта ўсім вядома. Так чаму ўсе маўчаць?
“Нашы назіральнікі, там дзе мы змаглі іх паставіць, адсочваюць працэдуру датэрміновага галасавання. Вядома, усе ўчасткі ахапіць мы не можам. Але ёсць ключавыя месцы, мы там робім гэту
працу, — сказаў Рыгор Кастусёў. Ён адзначыў, што людзей пачалі гнаць на датэрміновае галасаванне. Студэнтам аб’явілі выхадныя дні, каб яны ішлі галасаваць.
“Вы ж бачыце, што дзеецца ў Мінску, — зазначыў Рыгор Кастусёў. — Студэнтам даюць адгулы, каб яны паехалі дахаты, каторыя не мінчукі. А разам з імі гоняць галасаваць і тых
студэнтаў, якія жывуць у Мінску. Для чаго гэта робіцца? Зразумела, каб гэтыя галасы падтасаваць. І іншага тлумачэння няма. Калі чалавек кажа, што ён мае рэйтынг 75 працэнтаў, то чаго ён баіцца? Чаго
ён баіцца празрыстых скрыняў, чаго ён гоніць людзей на датэрміновае галасаванне? Чаго ён баіцца дапусціць да падліку галасоў назіральнікаў? Мы ж звярталіся ў Цэнтральную выбарчую камісію, каб
назіральнікі непасрэдна ўдзельнічалі або прысутнічалі пры падліку галасоў. І нам ЦВК, Ярмошына, адказала, што не, гэта павінны вырашаць участковыя камісіі. А старшыня камісіі кажа: “Вось 50
метраў, назіральнік, сядзі. І што назіральнік убачыць?
Зараз, як паведаміў кандыдат, назіральнікі і тыя актывісты, каторыя папалі ў выбарчыя камісіі, паведамляюць пра факты, як адбываюцца парушэнні падчас датэрміновага галасавання.
“19 снежня мы выйдзем на мірныя акцыі пратэсту на плошчу. Трэба ісці на плошчу. Трэба адстойваць сапраўдныя вынікі выбараў, — заявіў Рыгор Кастусёў. Адказваючы на пытанне
пра магчымасць знешняй падтрымкі, ён зазначыў: “Спачатку мы павінны самі захацець пераменаў у нашай краіне. Ні Брусэль, ні Масква нам перамены не прынясуць. Мы павінны самі гэта зрабіць.
Калі будзе падтрымка беларускага народа, тады мы пераможам. Іншага не дадзена.