Віцебск. На пікеце за незалежнасць грамадзяне абралі перамены (фота)
Пікет, прысвечаны аднаўленню незалежнасці Беларусі, прайшоў 25 жніўня ў Віцебску. У пікеце ўдзельнічалі прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі разам з сустаршынёй БХД Віталём Рымашэўскім, а таксама Партыі БНФ і сацыял-дэмакратаў.

Падчас пікету адбылося імправізаванае галасаванне з дапамогай фасолін, падчас якога людзям прапаноўвалі абраць альбо перамены, альбо застой. І абсалютная большасць, нават прадстаўнік акруговай камісіі, абралі перамены.

Пікет адбыўся на Віцебскай-Чкалаўскай акрузе № 18, прамоўцам на якой з’яўляецца каардынатар БХД Таццяна Севярынец.
Паводле яе, на пікет не забылі з’явіцца людзі ў цывільным на чале з палкоўнікам Каліноўскім, якія, як толькі прыбыла місія міжнародных назіральнікаў АБСЕ/БДІПЧ, кудысьці зніклі. Актывісты на пікеце таксама раздавалі агітацыйныя ўлёткі, віншавалі са святам ды запрашалі на сустрэчу Таццяны Севярынец з выбарцамі, якая мае адбыцца 26 жніўня а 18:00 ў СШ № 46.
Па суседству з пікетам дэмакратычных сілаў праходзіў пікет праўладнага кандыдата Занько. “Дарэчы, з’явіліся яны па-гаспадарску: новенькі бусік прывёз металічны ўстойлівы стэнд, стол, стул, улёткі. Бусік спачатку заехаў на дарожку для мінакоў і прыгатаваўся да разгрузцы. Пасля нашых заўваг правялі перадыслакацыю. Адбылася дыскусія паміж удзельнікамі пікетаў. Нам было што ім сказаць, ім — не”, — адзначыла Таццяна Севярынец.