Віктар Бабарыка: Дзед Мароз існуе! Але прыходзіць толькі да тых, хто сам для кагосьці можа быць цудам

Віктара Бабарыка, палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты, звярнуўся да беларусаў з СІЗА КДБ.



babaryka_6_1.jpg

Віктар Бабарыка даслаў з СІЗА КДБ навагодні зварот да беларусаў

«Дарагія сябры!

У гэтыя казачныя, чароўныя і добрыя дні, Новы год і Каляды, я хачу звярнуцца да ўсіх са словамі вялікай удзячнасці за тое, што вы:

- асвяцілі гэты год дабрынёй і шчырасцю сваёй душы, незалежна ад узросту і свайго становішча — ад студэнтаў да неверагодна маладых і задорных пенсіянераў;

- паказалі сваю любоў да ўсіх людзей, да сваёй краіны, не пабаяліся пагроз, гвалту і нянавісці, якімі вас за гэта «ўзнагародзіла» сістэма ўлады;

- ахвяравалі сваім дабрабытам, некаторыя — асабістай свабодай, і нават крывёю і жыццём дзеля самога каштоўнага, што ёсць у чалавека: пачуццё ўласнай годнасці, павагі і свабоды;

- пераадолелі хлусню, нянавісць і страх, якімі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў атручвалі вашы душы і розум, і сталі ў ланцуг салідарнасці, праўды і дабра;

- пайшлі з кветкамі ў руках і ўсмешкамі дабра на твары да закутых у браню і схаванымі ад страху ды сораму пад маскамі узброеных «ахоўнікаў парадку»;

- не спыніліся ў сваім жаданні казаць праўду і паступаць па сумленні;

- паказалі сваё жаданне жыць у краіне, адкрытай для ўсіх, а не акружанай «ворагамі» і адхіленай ад усяго астатняга свету.

Вы — сапраўдная каштоўнасць і сапраўдны твар Беларусі і беларусаў. Заставайцеся людзьмі, якія шукаюць святло дабра і любові, гатовыя змагацца за сваё шчасце, за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў, за гонар і годнасць чалавека, за права «людзьмі звацца».

Я хачу пажадаць вам у надыходзячым годзе выканання самых неверагодных персанальных жаданняў і нашага агульнага чакання — жыць у краіне, дзе:

- ганарацца людзьмі багатымі і свабоднымі, а не тымі, хто задаволены, што «бедны, але не жабрак»;

- цэняць розум і самарэалізацыю чалавека, а не пакорлівасць і выканаўчасць дурной волі;

- узнагароджваюцца тыя, хто змагаецца за свабоду, здароўе і шчасце людзей, а не тыя, хто гэта ўсё знішчае і душыць.

А цяпер я хацеў бы прывесці словы нашага знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча з кнігі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Яны трошкі змененыя, але я спадзяюся, што Караткевіч гэту вольнасць дараваў бы :)

«Вы ўсе маеце штосьцi адзiнае: няздатнасць да гвалту. А гэта заўсёды выклiкае некаторую безабароннасць перад гвалтам чужых. Як жа гэтым будуць яшчэ карыстацца ўсе, хто не лянуецца! Тыя, хто лiчыць нас прыгоннымi i нiколi нiкому не аддасць, але ж, не спытаўшы нашага жадання, iм належаць! Тыя, хто хавае свае твары под маскамi, тыя, хто робіць хлусню, нянавiсць i жах нормай жыцця, а таксама iншая навалач! Нiчога, галоўнае вытрымаць. Калi такiя, як вы, не спыняцца, прыйдзе час, калi больш за ўсё на свеце будзеце патрэбны менавiта вы. Чужога гвалту не будзе. I будуць страшэнна патрэбныя тыя, хто шмат выцярпеў, але нiколi без крайнiх абставiн, без смяротнай небяспекi не запэцкаў бессаромным гвалтам сваiх рук».

І мне толькі хочацца пажадаць вам, вашым родным і блізкім у гэтыя чароўныя і неверагодныя дні заставацца наіўнымі, шчырымі і добрымі дзецьмі. Дзед Мароз існуе! Толькі, пасталеўшы, мы забываем, што ён прыходзіць толькі да тых, хто сам для кагосьці можа быць цудам.

У адыходзячым годзе вы паказалі ўсяму свету, што беларусы — сапраўдныя творцы цудаў. Мы заслужылі шчасце і павагу! Пакуль будуць жывыя такія людзі, як вы, будзе жыць наша краіна!

Жыве Беларусь! З новым шчаслівым годам і светлым Божым нараджэннем!»

Паводле тэлеграм-каналу Віктара Бабарыкі