Затрыманых каардынатараў праекта Election Observation: Theory & Practice адпусцілі
Паліна Бродзік, каардынатар праекта Election Observation: Theory & Practice і Ганна Аземша, інфармацыйны каардынатар, былі затрыманы супрацоўнікамі ДАІ па дарозе ў бізнэс-клуб “Імагуру”, дзе павінны былі прайсці трэнінгі наглядальнікаў за выбарамі.

Супрацоўнікі ДАІ матывуюць затрыманне тым, што аўтамабіль шэрага колеру праходзіць па сводцы ДТЗ. У Ганны Аземшы шэрая “Пежо”. Зараз дзяўчыны знаходзяцца на стаянцы ля Фрунзенскага райаддзела. Супрацоўнікі ДАІ патрабуюць адчыніць багажнік, але Аземша патрабуе пастанову на дагляд. Супрацоўнікі ДАІ спракбуюць знайсці панятых.
У багажніку Ганны Аземшы знаходзяцца матэрыялы для трэнінгаў. З-за чаго, мяркуе Ганна, і могуць узнікнуць праблемы.
18.40. Стала вядома, што чамусьці начальнік АБЭЗ Фрунзенскага раёна Жытко Дзмітрый Міхайлавіч складае пратакол дагляду аўтамашыны Ганны Аземшы.
Зараз на месца едзе праваабаронца Алена Красоўская-Касперовіч.
19.00. Зараз праваахоўнікі праводзяць дагляд салона аўтамабіля, шукаючы "таварна-матэрыяльныя каштоўнасці". Якім чынам гэта можа быць звязана з ДТЗ, па яікм нібыта праходзіць шэры аўтамабіль, не зразумела.
19.49. Праваахоўнікі вымаюць матэрыялы, што датычацца праекта і выбараў.
19.57. Ганна Аземша даслала sms: "Пакуль не адпускаюць, ідзем даваць тлумачэнні".
21.00. Аземшу І Бродзік адпусцілі. Усе матэрыялы, што тычыліся выбарчага трэнінгу канфіскавалі, у тым ліку асадкі, маркеры, папкі і іншыя канцтавары, матывуючы адсутнасцю дакументаў, што пацвярджаюць іх легальнае набыццё.