«Паглядзіце на гэтую дзяўчыну. Ці ж можа быць героем яе забойца?»
Краязнаўца з Карэлічаў Аляксандр Самец дабіваецца ўшанавання памяці мірных ахвяраў партызанаў і дэгераізацыі іх забойцаў.
На руках партызанскіх камандзіраў Дзмітрыя Дзенісенкі і Івана Чумачэнкі, што ваявалі на Карэліччыне, была кроў нявінных ахвяраў. Дзенісенка, акрамя ўсяго, адзначыўся забойствамі іншых партызанаў, у тым ліку камандзіраў.
Гісторыя пра Міцьку Белага і Міцьку-казака
Пра забітую Чумачэнкам сям’ю настаўніцы з Варончы зняты «Белсатам» дакументальны фільм, напісаныя артыкулы ў незалежных СМІ, але ёй не знайшлося месца ў кнізе «Памяць».
Краязнаўца з Карэлічаў, аўтар кнігі пра партызанку Аляксандр Самец лічыць непрымальнай гераізацыю забойцаў і забыццё іх ахвяраў. У жніўні 2018-га ён звярнуўся ў Карэліцкі райвыканкам з запытам пра ўшанаванне памяці палеглых у часе Першай сусветнай вайны і нявінных ахвяраў Другой сусветнай, што загінулі як ад рук немцаў, так і партызанаў — камандзіраў атрадаў Чумачэнкі і Дзенісенкі.
Краязнаўца прывёў некалькі прыкладаў забойстваў вышэйпамянёнымі камандзірамі мірных жыхароў і партызанаў. І папрасіў даць адказы на наступныя пытанні: «Ці маральна апраўдана ўганараванне такіх асобаў, як Дзенісенка і Чумачэнка, і калі не, то чаму іх партрэты вісяць на пачэсным месцы ў Карэліцкім краязнаўчым музеі без інфармацыі пра іх злачынствы?
Ці плануецца выданне дадатка да кнігі «Памяць» з пералікам усіх ахвяр партызанскага тэрору? Ці плануецца даследчая праца ў гэтым накірунку?»
У адказе з райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Руслана Абрамчыка гаварылася, што «падставаў для выключэння імёнаў названых камандзіраў з шэрагу іншых камандзіраў і камісараў не маецца, бо інфармацыя аб гэтых асобах носіць аб’ектыўны характар і яе адсутнасць, наадварот, будзе з’яўляцца неадпавядаючай рэчаіснасці». Пра кнігу «Памяць» у райвыканкаме паведамілі, што гэта завершаны твор і дадаткаў да яго не плануецца.
У лістападзе 2018-га Аляксандр Самец меў гутарку на гэтую тэму з прадстаўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Крысцінай Побаль у часе прыёма грамадзян у Карэліцкім райвыканкаме. У выніку яму прапанавалі аформіць свае пытанні пісьмова і даслаць у адміністрацыю.
У сваім лісце краязнаўца расказаў пра перапіску з райвыканкамам і задаў тыя самыя пытанні, а таксама напісаў пра неабходнасць добраўпарадкавання помнікаў удзельнікам і ахвярам войнаў — як Другой сусветнай, так і Першай, што знаходзяцца на тэрыторыі Карэліцкага раёна.
Той ліст з Мінска пераадрасавалі ў Гродзенскі аблвыканкам і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Першыя адказы ад прадстаўнікоў улады і гісторыкаў не задаволілі краязнаўцу, ён працягнуў пісаць лісты чыноўнікам і гісторыкам. Чым скончылася гэта ліставанне, Аляксандр Самец расказаў «Салідарнасці».
Героі ці забойцы?
У адказе, які рыхтавалі ваенныя гісторыкі Аляксей Літвін і Анатоль Крыварот, сцвярджаецца, што Інстытут гісторыі не валодае звесткамі пра тое, што забойства Дзенісенкам іншага партызанскага камандзіра Семянцова разглядалася ў судзе.
«На наш погляд, пры адсутнасці судовага рашэння па гэтай справе нельга абвінавачваць Дз.А. Дзенісенку ў здзяйсненні ваеннага злачынства», — гаворыцца ў адказе з Інстытута гісторыі.
Таксама краязнаўцу паведамілі, што не маюць звестак пра спагнанні камандзіру Івану Чумачэнку за спалены маёнтак Варонча.
Аляксандр Самец, які правёў у архівах не адзін дзень, і сабраў падрабязныя звесткі пра дзейнасць вышэйпамянёных камандзіраў, напісаў ліст дырэктару Інстытута гісторыі. У ім ён па пунктах раскрытыкаваў адказ ваенных гісторыкаў і ўказаў на недакладнасці, якія тыя, на яго думку, дапусцілі.
Ён нагадаў, што забойства камандзіра Семянцова ваенным злачынствам прызнала Ваенная пракуратура яшчэ ў 1977-м, а ад судовага пакарання Дзенісенку ўратавала заступніцтва былога камандзіра Баранавіцкага партызанскага злучэння і амністыя.
Абурыў Аляксандра Самца і адказ пра адсутнасць спагнання за спалены маёнтак, у якім няма нават згадкі пра тое, што пры гэтым была расстраляная і спаленая цэлая сям’я, у тым ліку 19-гадовая цяжарная жанчына.
У аддзеле ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама карэліцкаму краязнаўцу адказалі, што паводле біяграфічных звестак і наяўных даследчых матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці памянёных камандзіраў, яны з’яўляюцца «знакамітымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны». У якасці прыкладаў прыводзяцца нарысы Янкі Брыля «Нёманскія казакі», прысвечаныя атраду Дзенісенкі, а таксама партызанскі дзённік аднаго з ягоных байцоў.
Адпаведна, у аблвыканкаме не бачаць падстаў для пераацэнкі дзейнасці камандзіраў Дзенісенкі і Чумачэнкі.
Як і ў выпадку з Інстытутам гісторыі, Аляксандр Самец у лісце начальніку Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблываканкама падрабязна раскрытыкаваў адказ на свой зварот.
«Такое нельга забыць»
Ядзвіга Чарноўская, 19-гадовай была забітая партызанамі
Аляксандр Самец, які да 2006-га шчыра лічыў камандзіра Дзенісенку героем вайны, тлумачыць, чаму цяпер дабіваецца праўды пра мінулае партызана:
— Нельга называць героямі забойцаў. Паглядзіце на фота 19-гадовай Ядзвігі Чарноўскай з Варончы. Яе разам з сям’ёй мужа цяжарную застрэлілі і спалілі. Ці ж можа быць героем яе забойца?
Краязнаўца нагадвае і пра ўчыненае камандзірам Дзенісенкам, якога ў вайну празвалі Міцькам. Застрэліў у спрэчцы за кулямёт свайго камандзіра Кліма Міронава, потым камандзіра Семянцова. Расстраляў партызана Змітра Шавейку, які заснуў на пасту.
Па сведчаннях жыхароў вёсак, на тэрыторыі каторых дзейнічаў атрад Дзенісенкі, міцькаўцы забілі не адну сям’ю вяскоўцаў.
На думку карэліцкага краязнаўцы, сённяшнія пакаленні беларусаў мусяць ведаць пра мінулую вайну ўсю праўду — не толькі гераічнае, але і горкае. Памятаць не толькі пра ахвяраў акупантаў, але і тых, хто без віны загінуў ад рук партызанаў. Каб трагедыя не паўтарылася.
Як на Карэліччыне «знайшоўся» помнік загінуўшым у Першую сусветную
Як расказаў Аляксандр Самец, частку ягоных прапановаў мясцовыя ўлады падтрымалі. Вядзецца добраўпарадкаванне на месцы пахавання камандзіра Семянцова. У вёсцы Турэц на месцы расстрэлу 463 мясцовых габрэяў паставілі новую агароджу.
Цікавая гісторыя адбылася з помнікам палеглым у Першую сусветную вайну салдатам з мясцовай парафіі, што стаіць на старых могілках на ўскрайку Турца. Як гаворыцца ў лісце Самцу з аблвыканакама, помнік быў «выяўлены ў 2018 годзе».
— Я даўно ведаў пра той помнік, паставілі яго яшчэ пры паляках у 1937-м. Летась паехаў паглядзець, што там робіцца. Помнік быў у аварыйным стане, разбураўся. А вакол разрастаўся сметнік, — расказаў краязнаўца.
Ён паведаміў пра ўбачанае ў райвыканкам. Цяпер вайсковым пахаваннем займаюцца адмыслоўцы, яму прысвоены дзяржнумар.
— Выглядае на тое, што з упарадкаваннем помнікаў ва ўладаў справа ідзе прасцей. Пасля маіх шматлікіх зваротаў пачалі наводзіць парадак. А вось з пытаннямі пра злачынствы партызанаў і дапаўненне кнігі «Памяць» усё складана — стаяць на сваім і не хочуць нічога мяняць, — рассказаў Аляксандр Канстанцінавіч. — У Інстытутце гісторыі так і сказалі, што не зменяць пазіцыі па Дзенісенку і Чумачэнку, у раёне і вобласці іх таксама лічаць героямі. А ў адміністрацыі мне на мае пытанні проста не адказалі, праігнаравалі іх.
Аляксандр Самец працягвае сваю справу: гутарыць са сведкамі падзей, запісвае інтэрв’ю. І заклікае рабіць тое самае сваіх калегаў-краязнаўцаў у іншых раёнах Беларусі: «Пакуль жывыя людзі, што могуць расказаць праўду пра тыя падзеі».
Ёсць у яго і такая ідэя. Паколькі раённыя і абласныя ўлады праігнаравалі ягоную просьбу дапоўніць кнігу «Памяць» імёнамі ахвяраў партызан, зрабіць гэта могуць простыя беларусы. Пачаць можна з адпаведных зваротаў у выканкамы на месцах. Адначасова трэба збіраць спісы ахвяр партызанкі. І, урэшце, надрукаваць сабранае дапаўненне талакой.
Сямён Печанко, gazetaby.com