«Крумкачам» не працягнулі арэнду стадыёна. Журналіст: гэта асабісты загад старшыні Федэрацыі футболу

Спартовы журналіст Дзмітрый Сельвяструк, які вядзе папулярны тэлеграм-канал «Серебряный век. Футбол Беларуси» пацвердзіў інфармацыю пра тое, што спартова-аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», які знаходзіцца ў Мінску каля Акадэміі навук, адмовіў футбольнаму клубу «Крумкачы» ў арэндзе стадыёна на наступны сезон.

dab19wix_mc_bcpzxw.jpg


Згодна з інфармацыяй журналіста, такое рашэнне можа быць звязана з візітам на арэну кіраўніка Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» (АБФФ) Уладзіміра Базанава. Ён быццам асабіста забараніў кіраўніцтву «Алімпійскага» прадастаўляць «Крумкачам» якія-кольвек паслугі.

16 студзеня Сельвяструк апублікаваў таксама інфармацыю, што акрамя спісу з міністэрства з «нядобранадзейнымі» футбалістамі і трэнерамі ёсць і вусныя «добрыя парады» ўжо гульцам і трэнерам — не заключаць пагадненняў з «Крумкачамі», інакш потым «будзе вельмі складана або нават немагчыма знайсці працу ў футболе».

На гэтым стадыёне «Крумкачы» гулялі ў 2014 годзе ў Другой лізе, на гэтым жа стадыёне яны абгулялі магілёўскі «Дняпро» ў 2015-м і ўпершыню выйшлі ў Найвышэйшую лігу, дзе былі адзінай камандай з прыватнай формай уласнасці.

У Найвышэйшай лізе каманда гуляла ўжо на іншым полі, паколькі «Алімпійскі» не адпавядаў патрабаванням АБФФ. «Крумкачы» выступалі на гэтым стадыёне да канца мінулага сезону і ледзь не прабіліся ў элітны дывізіён ізноў, саступіўшы мазырскай «Славіі».

Гэта не першы факт пераследу «Крумкачоў» з боку Федэрацыі футболу. Раней каманду не пусцілі ў Найвышэйшую лігу, хаця яна была першай у «чарзе» пасля расфармавання «Гарадзеі», а таксама штрафавалі за тое, што гульцы па выхадзе на поле стаялі спінамі да чырвона-зялёнага сцяга.

Заўзятары «Крумкачоў» не падтрымалі беларускі агульнафанацкі байкот, матываваўшы гэта тым, што гульцы іх каманды не падпісвалі праўладны ліст. Прыхільнікаў каманды летась неаднаразова затрымлівалі, у тым ліку наўпрост падчас футбольных матчаў, пераважна за акцыі салідарнасці з палітзняволеным Аляксандрам Івуліным, які выступаў за «Крумкачоў» перад арыштам. 17 студзеня яго пачнуць судзіць.