Мінскаму футбольнаму клюбу «Крумкачы» не працягнулі арэнду стадыёна
Журналіст: гэта асабісты загад старшыні Федэрацыі футболу.
Крыніцы гавораць пра тое, што асабіста кіраўнік Федэрацыі футболу Уладзімір Базанаў «выжывае» сталічны клуб са звыклага месца.
Спартовы журналіст Дзмітрый Сельвяструк, які вядзе папулярны тэлеграм-канал «Серебряный век. Футбол Беларуси», пацвердзіў інфармацыю пра тое, што спартова-аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», які месціцца ў Мінску каля Акадэміі навук, адмовіў футбольнаму клубу «Крумкачы» ў арэндзе стадыёна на наступны сэзон.
Згодна з інфармацыяй журналіста, такое рашэнне можа быць звязана з візітам на арэну кіраўніка Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» (АБФФ) Уладзіміра Базанава. Ён быццам бы асабіста забараніў кіраўніцтву «Алімпійскага» прадастаўляць «Крумкачам» якія-кольвек паслугі.
16 студзеня Сельвяструк апублікаваў таксама інфармацыю, што акрамя спісу з міністэрства з «нядобранадзейнымі» футбалістамі і трэнерамі ёсць і вусныя «добрыя парады» ўжо гульцам і трэнерам — не заключаць пагадненняў з «Крумкачамі», інакш потым «будзе вельмі складана або нават немагчыма знайсці працу ў футболе».
На гэтым стадыёне «Крумкачы» гулялі ў 2014 годзе ў Другой лізе, на гэтым жа стадыёне яны абгулялі магілёўскі «Дняпро» ў 2015-м і ўпершыню выйшлі ў Найвышэйшую лігу, дзе былі адзінай камандай з прыватнай формай уласнасці.
У Найвышэйшай лізе каманда гуляла ўжо на іншым полі, паколькі «Алімпійскі» не адпавядаў патрабаванням АБФФ. «Крумкачы» выступалі на гэтым стадыёне да канца мінулага сезона і ледзь не прабіліся ў элітны дывізіён ізноў, саступіўшы мазырскай «Славіі».
Гэта не першы факт пераследу «Крумкачоў» з боку Федэрацыі футболу. Раней каманду не пусцілі ў Найвышэйшую лігу, хаця яна была першай у «чарзе» пасля расфармавання «Гарадзеі», а таксама штрафавалі за тое, што гульцы па выхадзе на поле стаялі спінамі да чырвона-зялёнага сцяга.
Заўзятары «Крумкачоў» не падтрымалі беларускі агульнафанацкі байкот, матываваўшы гэта тым, што гульцы іх каманды не падпісвалі праўладны ліст. Прыхільнікаў каманды летась неаднаразова затрымлівалі, у тым ліку наўпрост падчас футбольных матчаў, пераважна за акцыі салідарнасці з палітзняволеным Аляксандрам Івуліным, які выступаў за «Крумкачоў» перад арыштам. 17 студзеня яго пачнуць судзіць.