Жыхарка Гродна Таццяна Саўко выйшла на волю
Суд над жанчынай не адбыўся.
![tatjana_savko.jpg tatjana_savko.jpg](/img/v1/images/tatjana_savko.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таццяна Саўко выйшла з ізалятара на вул. Гая 16 студзеня праз 72 гадзіны затрымання. Тэлефон і сімку гарадзенцы не вярнулі, паведаміла ў Instagram яе дачка Карына Маліноўская. Таццяну затрымалі ў межах арт. 19.11 КаАП «Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Праваабарончая арганізацыя паведаміла, што судовае паседжанне па справе Таццяны не адбылося.
Таццяна Саўко – маці Карыны Маліноўскай, якую затрымлівалі ў жніўні 2020 года. Па словах Карыны, яна была цяжарная, але пасля РАУС патрапіла ў лякарню і страціла дзіця. Пасля гэтага гарадзенка з'ехала ў Польшчу.
Сілавікі прыйшлі да Таццяны ў 6.00 13 студзеня з пастановай на затрыманне і ператрус, паведаміла яе дачка Карына. Ёй далі час хутка сабрацца, рэчаў з сабой узяць не дазволілі. Таццяну даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Пазней яе змясцілі ў ізалятар на вуліцы Гая. Сілавікі вывучалі акаўнт гродзенкі ў Telegram. На лецішчы сям'і правялі ператрус ці агляд.
Увечары 14 студзеня адвакату і другой дачкі Таццяны ўдалося перадаць ёй перадачу з цёплымі рэчамі, кавай, цукеркамі і сродкамі гігіены. У Таццяны спачатку была адна суседка па камеры, якую затрымалі па тым жа артыкуле. Яны размаўлялі, рабілі адзін аднаму масаж. Пазней да іх змясцілі «алкашку», як напісала Карына. Таццяну мусілі адпусціць у 7.00 16 студзеня, бо доказаў яе віны па адміністрацыйным артыкуле не было. Гарадзенка захавала добры настрой, паведаміла яе дачка.