«Беларусь — партызанскі край, а мы — нашчадкі партызан». «The New York Times» апублікавала матэрыял пра тое, як змяніўся пратэст у Беларусі
Пераклад артыкула, што дае разуменне, як сітуацыя ў Беларусі бачыцца з-за акіяна, прыводзіць «Наша Ніва».
Праз год пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка гвалтам падавіў хвалю масавых пратэстаў, на вуліцах буйных гарадоў спакойна. Паўсюль рэкламныя шыльды, якія нагадваюць, што 2021 год быў абвешчаны «годам народнага адзінства», піша «The New York Times».
Аднак, нягледзячы на публічныя заявы ўрада пра адзінства, тысячы актывістаў таемна працягваюць змаганне з рэжымам.
«Наша мэта — не даць рэжыму расслабіцца», — адзначае Максім, які адмовіўся назваць сваё прозвішча, каб не трапіць за краты.
Пакуль у Беларусі не слабеюць рэпрэсіі, тысячы людзей ананімна працягваюць выказваць свой гнеў і нязгоду. Група Максіма, паводле яго слоў, налічвае каля 100 чалавек, і гэта адна з многіх груповак, што ўзніклі ў гарадах і пасёлках па ўсёй краіне.
Лукашэнку ўдалося расправіцца з апазіцыяй пасля леташніх выбараў. Цяпер, калі ўся ўвага свету сканцэнтраваная на Афганістане, можа падацца, што ў яго ўсё пад кантролем. Аднак гэта толькі на першы погляд. У рэальнасці актывісты апазіцыі працягваюць рабіць усё магчымае, каб пратэст не сціх, і яны цвёрда вераць, што сыход дыктатара — усяго толькі пытанне часу.
Напрыклад, 9 жніўня больш за дзесяць актывістаў у чырвона-белым адзенні зладзілі акцыю пратэсту ў лесе ўвечары. Ніхто не мог іх бачыць, але яны дзяліліся фотаздымкамі ў інтэрнэце. За гэта Максіму і яго групе партызан пагражаюць гады турмы, бо ў сучаснай Беларусі за кратамі людзі апынаюцца і за меншае.
Мінчуку далі 12 сутак за малюнак сына з выявай сонца і неба, які вісеў на акне чатыры гады. Аднаго мужчыну з Брэста пасадзілі на месяц за тое, што напісаў радок з малітвы на будынку. А яшчэ адзін жыхар трапіў за краты на 15 сутак за чырвона-белую скрыню ад тэлевізара, якая ляжала на балконе.
Многія знаходзяць іншыя спосабы, каб выказваць свой пратэст. Праграмісты распрацавалі дадатак «Krama», які палягчае эканамічны байкот. Праграма дазваляе людзям сканаваць штрых-коды, каб даведацца, ці звязаныя тавары з Лукашэнкам або яго паплечнікамі. Таксама ў «Krama» пазначаныя рэстараны і іншыя ўстановы, што супрацоўнічаюць з рэжымам.
Некаторыя распаўсюджваюць улёткі і газеты, якія самі і выдаюць. Ёсць тыя, хто развешвае чырвона-белыя стужкі на дрэвах, што ўскладняе жыццё камунальнікам, якіх прымушаюць гэтыя стужкі здымаць. Партызанскі хор ладзіць флэшмобы, на якіх спявае нацыянальныя беларускія песні.
У Мінску і іншых буйных гарадах такія групы, да якіх належыць Максім, дзейнічаюць на лакальным узроўні. Яны ціха збіраюцца ў бяспечных месцах, каб даказаць, што яшчэ не ўсё страчана.
«Мы хочам паказаць людзям, што нічога не згублена, нас усё гэтак жа большасць», — адзначае Максім у інтэрв’ю «The New York Times». Выданне паразмаўляла з трыма прадстаўнікамі такіх груп.
Некаторыя падпольныя групы ідуць на больш рызыкоўныя дзеянні. Адна з іх паспрабавала запаволіць чыгуначны рух, парушыўшы сістэму сігналізацыі на лініі, якая перавозіць калій. Гэта асноўны экспарт, што папаўняе казну Лукашэнкі замежнай валютай. Такія дзеянні не прыносяць фізічнай шкоды іншым людзям, аднак запавольванне перавозак уплывае на дзяржаўны бюджэт.
Больш за тое, група кібер-партызан, якая дзейнічае ў асноўным з-за мяжы, распаўсюджвае канфідэнцыйную інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія бралі ўдзел у падаўленні масавых пратэстаў летась.
«Мы, без сумневаў, уяўляем значную пагрозу для ўлад, і яны зрабілі б усё магчымае, каб знайсці нас, і, магчыма, знішчыць, — адзначае ананімна адзін з кібер-партызан. — Рызыка вялікая, але наша рашучасць большая».
Урад Беларусі робіць усё магчымае, каб выявіць пратэсныя групы як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Часта праваахоўныя органы ствараюць фэйкавыя групоўкі, каб завабіць актывістаў і выявіць іх асобы.
«Мы рызыкуем усім, — адзначыў у інтэрв’ю прадстаўнік адной групы, якая дзейнічае пад Мінскам. — Яны шукаюць нас, нібы мы сапраўдныя тэрарысты».
Святлана Ціханоўская, лідарка апазіцыі, сцвярджае, што людзі настроеныя сур’ёзна, нягледзячы на рэпрэсіі. «Пратэст і актыўнасць людзей цяпер не такія заўважныя, бо вулічныя пратэсты здушылі гвалтам, — адзначае Ціханоўская. — Але людзі не спыняюць барацьбу». Лідарка заяўляе, што дзеянні кіберпартызан «дэмаралізуюць сілы бяспекі і скарачаюць іх шэрагі».
Людзі, якія менш адданыя справе, чым актывісты, усё яшчэ выказваюць пратэст, але з дапамогай апалітычнай дзейнасці. У Гродне актывісты ладзілі экскурсіі на ровары, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы ў якасці нагоды, каб сабрацца разам і «проста паглядзець адно аднаму ў вочы», дзеліцца Анастасія, мясцовая арганізатарка, якая не называе сваё прозвішча.
Аднак аніводная з пералічаных стратэгій не з’яўляецца бяспечнай. Нядаўна групу трыятланістаў выклікалі на допыт праз колер майкі аднаго са спартсменаў, а адну турыстычную групу абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу. Нядаўна ўрад забараніў спартсменам выступаць на міжнародных спаборніцтвах пасля інцыдэнту з Крысцінай Ціманоўскай.
Адвольны характар рэпрэсій ускладняе дзейнасць для тых, хто імкнецца дзейнічаць у межах закону.
«Як і ў любой таталітарнай сістэме, законы наўмысна размытыя, так што мы нават не ведаем, што законна, а што не, — адзначае Аляксей Шота, рэдактар Hrodna.Life, якога могуць абвінаваціць у публікацыі экстрэмісцкіх матэрыялаў. — Нават калі б мы хацелі падвергнуць сябе цэнзуры, мы б не ведалі, як гэта зрабіць».
Hrodna.Life можа папоўніць доўгі спіс беларускіх незалежных СМІ, якія забаранілі за апошнія месяцы. Рэдакцыі разграмілі, і многія журналісты былі вымушаныя эміграваць. Як мінімум 27 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца за кратамі.
Аднак большасць з гэтых медыя працягвае працу і публікуе навіны ў сацсетках і на сваіх сайтах, якія чытачы могуць праглядаць толькі праз VPN.
Пад удар трапілі недзяржаўныя арганізацыі, якія працавалі ў непалітычных накірунках — такіх, як дапамога інвалідам і дзецям. Больш за 40 былі разгромленыя ў канцы ліпеня па загадзе Лукашэнкі.
Паводле слоў Аляксея Шота, нягледзячы на рэпрэсіі, гісторыя Беларусі дае надзею на перамогу. «Беларусь — партызанскі край, а мы — нашчадкі партызан», — адзначае Шота.