Як пазваніць у Крым? Паўвостраў перавялі на расійскі тэлефонны код
Тэлефонныя коды гарадоў і населеных пунктаў акупаванага Крыма, а таксама парадак набору абанентаў пераведзены ў чацвер на расійскія стандарты. Існуючыя нумары абанентаў захаваныя.
Пра гэта паведаміў у чацвер «міністр сувязі» Крыму Дзмітрый Палонскі.
«Сёння мы даем старт і цалкам пераходзім на расійскую сістэму нумарацыі. Усе існуючыя нумары абанентаў у Крыме застаюцца без зменаў», — паведаміў Палонскі.
«Міністр» адзначыў, што Крым набыў дастатковы нумарны рэсурс для захавання існуючых нумароў ўсіх абанентаў. Тарыфы на сувязь не мяняюцца.
Набор крымскага тэлефона фіксаванай сувязі з мабільнага тэлефона будзе пачынацца з камбінацыі «+7 365», з тэлефона фіксаванай сувязі за межамі Крыму з Украіны — «8 365», з Беларусі трэба выкарыстоўваць камбінацыю «8 10 365».
Паводле УНІАН