Літва. Успаскіх узбуйняецца

Скандальны літоўскі палітык Віктар Успаскіх працягвае пашыраць уплыў на літоўскую палітыку. Прайшлі чуткі, што бліжэйшым часам ягоная «Партыя працы» аб’яднаецца з партыяй «Парадак і справядлівасць» Рональдаса Паксаса.  



viktoras_uspaskich_508e37f9d3929.jpg

Віктар Успаскіх

На тусоўках палітыкуму гавораць, што прынцыповыя рашэнні могуць быць прынятыя вельмі хутка. На першы погляд, ідэя амаль вар’яцкая. Успаскіх эксплуатуе левыя тэмы, а Паксас называе сябе правацэнтрыстам. Аднак у праекта ёсць свае прываблівыя бакі. Партыя «Парадак і справядлівасць» можа стаць больш уплывовай, зараз у яе 10 дэпутацкіх мандатаў, у «Партыі працы» — 29. Пасля аб’яднання новая партыя будзе валодаць максімальна 39 дэпутацкімі галасамі. А гэта ўжо сіла.

Што тычыцца «лейбарыстаў», то ім трэба як мага хутчэй пазбавіцца назвы «Партыя працы», скампраметаванай шматлікімі аферамі. Ёсць яшчэ адна версія ўніі. Як вядома, Паксас і Успаскіх неаднаразова падазраваліся ў лабіраванні інтарэсаў «Газпраму». Магчыма, у Маскве вырашылі, што для большага эфекту патрэбна адна палітычная сіла, а не дзве маленькія. Аднак гэта ўсё, натуральна, версіі і плёткі.

Паводле літоўскай прэсы