Лондан апублікаваў фота расійскіх «Панцыраў» ва Украіне
Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі апублікавала фотаздымкі найноўшых сістэм супрацьпаветранай абароны «Панцыр-С1». Гэтыя фоты зрабілі на ўсходзе Украіны.

Фатаграфіі з’яўляюцца чарговым доказам удзелу расійскіх войскаў у канфлікце ў Данбасе.
Фотаздымкі названыя «Як распазнаць расійскі «Панцыр-С1» (па стандартах НАТА — SA-22), які не знаходзіцца на ўзбраенні ўкраінскіх войскаў», перадае BBCУкраіна.

Як сцвярджаюць у міністэрстве замежных спраў Вялікабрытаніі, гэтыя здымкі былі зробленыя ў апошнія некалькі тыдняў — 24 студзеня, 4 і 5 лютага ў Шахцёрску і Данецку. Яны ёсць чарговым доказам наўпроставага ўдзелу расійскіх войскаў ва ўкраінскім канфлікце.
«Мы заклікаем Расію цалкам выконваць мінскія пагадненні», — напісаў брытанскі прадстаўнік у НАТА Адам Томсан ў Twitter.
Брытанскі МЗС ужо публікавалі фатаграфіі новых расійскіх танкаў у Украіне і тлумачыў, як іх адрозніць ад тых, якія знаходзяцца на ўзбраенні Украіны.
Мінскія пагадненні, апошняя рэдакцыя якіх была падпісана 12 лютага, прадугледжваюць спыненне агню і адвод усіх цяжкіх узбраенняў абедзвюма бакамі на роўныя адлегласці для стварэння зоны бяспекі.
У сераду генеральны сакратар НАТА Ёнс Столтэнберг таксама заклікаў Маскву вывесці свае войскі з Украіны і спыніць падтрымку сепаратыстаў.
Амбасадар ЗША ва Украіне Джэфры Пайет яшчэ ў жніўні мінулага года заявіў аб пастаўках расійскіх «Панцыр-С1» на Данбас. Незалежныя эксперты таксама згаджаюцца, што Расія забяспечвае сепаратыстаў ваеннай тэхнікай.
Масква адмаўляе свой удзел у канфлікце і падтрымку сепаратыстаў, акрамя як «добраахвотнікамі і адпускнікамі».