Расія. У 14% удзельнікаў масавага тэставання выявілі антыцелы да каронавіруса
Першыя вынікі масавага тэставання на антыцелы да каронавіруса SARS-CoV-2, які выклікае захворванне COVID-19, апрылюдніла буйная сетка медыцынскіх лабараторый у Расіі «Инвитро».
З 18 па 21 траўня ў лабараторыях «Инвитро» у Расіі аналізы на якаснае вызначэнне антыцелаў класа G (IgG) здалі больш за 40 тысяч чалавек. Тэсты 14% з іх далі станоўчы вынік.
Тэст на антыцелы да каронавіруса цяпер можна здаць у шэрагу буйных расійскіх клінік. Усе ўдзельнікі тэставання не мелі сімптомаў, былі здаровыя, і раней у іх не дыягнаставалі COVID-19, піша meduza.io са спасылкай на прэс-службу «Инвитро».
«Станоўчы тэст на IgG кажа пра факт інфікавання ў мінулым вірусам SARS-CoV-2 з фарміраваннем спецыфічнага імуннага адказу», — паведамілі ў «Инвитро».
Гэта першыя звесткі наконт імунізацыі насельніцтва да COVID-19 на базе выбаркі па ўсёй Расіі.
У Беларусі ж
пакуль нельга нават платна здаць тэст на антыцелы. Хоць міністр аховы здароўя
Уладзімір Каранік у эфіры беларускага тэлебачання абяцаў, што прайсці
тэставанне наконт перанесенай каронавіруснай інфекцыі хутка змогуць і ўсе ахвочыя: "На сённяшні
момант мы ведаем кошт тэсту. Улічваючы выдаткі арганізацыі тэставання, кошт
тэсту — каля 4,2 долара".