Невядомая аўтакефалія Чувашыі
Пакуль частка ўкраінскіх праваслаўных марыць атрымаць аўтакефалію, нечакана ўсплыў цікавы гістарычны факт.
Высвятляецца, што ў 1920-я гады правінцыйная Чувашыя
здолела дамагчыся статусу аўтакефаліі ад Масквы. Чувашская аўтакефальная
нацыянальная праваслаўная царква, створаная на аснове чувашскіх нацыянальных
парафій, была зарэгістраваная ў дзяржаўных органах 7 жніўня 1924 года.
Ініцыятарам і арганізатарам гэтага працэсу стаў протаіерэй Васіль Красноў, які скарыстаўся спрэчкамі ў асяроддзі расійскага праваслаўя. У барацьбе з царкоўнымі апанентамі бальшавікі дазволілі Краснову стварыць цалкам незалежную ад Масквы царкву.
Праўда, эксперымент працягваўся нядоўга. Прыкладна ў 1930 годзе Чувашская аўтакефальная царква спыніла сваё існаванне, а яе структуры зноў сталі падпарадкоўвацца Маскве.
Застаецца дадаць, што прадстаўніцтва РПЦ у Чувашыі было павышанае ў статусе да мітраполіі ў кастрычніку 2012 года.
Паводле расійскай прэсы