Нягледзячы на ператрус, Азербайджанская служба Радыё Свабода працягвае вяшчанне
Падчас ператрусу супрацоўнікі пракуратуры ўзламалі сейф, забралі пячатку і дакументы. Таксама былі канфіскаваныя карты памяці, кампутары, два ноўтбукі, фотаапараты і відэакамеры.
Супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Азербайджана, якія прыйшлі ў суправаджэнні міліцыянтаў, заявілі, што ў іх ёсць судовае рашэнне «закрыць бюро». Паводле іх словаў, следчыя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках расследавання дзейнасці «Радыё Азадлыг» як некамерцыйнай арганізацыі, якая фінансуецца з-за мяжы.
Пры гэтым следчы Сенан Пашаеў адмовіўся перадаць прадстаўнікам радыёстанцыі якія-небудзь дакументы аб рашэнні ўладаў зачыніць бюро. Як паведамляецца на сайце «Радыё Азадлыг», офіс апячатаны супрацоўнікамі генпракуратуры.
Ад работнікаў бюро запатрабавалі пакінуць офіс. Раней іх усіх некалькі гадзінаў пратрымалі ў адным з памяшканняў, забараніўшы карыстацца тэлефонамі і кампутарамі.
Кіраўнік прэс-службы Генеральнай пракуратуры Эльдар Султанаў заявіў мясцоваму агенцтву «АПА», што ператрус звязаны з крымінальнай справай, якую разглядае Следчае ўпраўленне па асабліва цяжкіх злачынствах.
Адзін з кіраўнікоў Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Нэнад Пэіч расцаніў дзеяньні азэрбайджанскай генпракуратуры як «адкрытае парушэньне міжнародных стандартаў і абавязальніцтваў Азербайджану».
Дзярждэпартамент ЗША выказаў занепакоенасць рэйдам на бакінскае бюро Радыё Свабода. Дзярждэп ЗША заявіў, што Злучаныя Штаты «занепакоеныя» паведамленнямі аб ператрусе і канфіскацыях у Бакінскім бюро азербайджанскай службы Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода.