ПАР. Вірус і цыгарэты
У паўднёваафрыканскіх аматараў алкагольных напояў — свята. Урад адмяніў забарону на продаж алкаголю, якая была ўведзеная ў краіне ў межах эпідэміялагічных мерапрыемстваў.
Як лічыла Міністэрства аховы здароўя ПАР, п’янства аслабляе розум ды павялічвае верагоднасць таго, што людзі будуць грэбаваць сацыяльным дыстанцыяваннем і мыццём рук.
А вось пакуты мясцовых курцоў працягваюцца. Забарона на тытунь не адмененая, што зноў выклікае заканамернае пытанне — якая сувязь паміж эпідэміяй і цыгарэтамі? Відавочна, што адмова ад палення не робіць лёгкія курца мацнейшымі перад пагрозай віруса. Паколькі ўцямнага адказу да гэтага часу няма, дапускаюць, што чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя атрымліваюць свой гешэфт на кантрабандзе тытуню.
Таксама папулярная версія, што ва ўсім вінаватыя нейкія забабоны міністра аховы здароўя, які асабіста ненавідзіць курцоў. Так ці інакш, як адзначаюць эксперты, забарона цыгарэт нічога не дае з-за вялізнага патоку кантрабанды.
Паводле брытанскай прэсы