Парашэнка абвяшчае ваенную мабілізацыю

Пасля таго, як у выніку абстрэлу баевікоў на Данбасе загінулі не менш за 12 пасажыраў рэйсавага аўтобуса і 17 былі параненыя, прэзідэнт Украіны абвясціў пра чарговую хвалю мабілізацыі.



ato.jpg

З гэтай нагоды Пётр Парашэнка запісаў адмысловы відэазварот да жыхароў Украіны:

— Упэўнены, што ўкраінскі народ падтрымае гэтае рашэнне, і мабілізацыя будзе праведзена паспяхова. У сувязі з тэрарыстычнай атакай мы вымушаныя яшчэ больш узмацніць абмежаванні на перасоўванне праз лінію за якой знаходзяцца падкантрольныя баевікам раёны Данбаса. Узведзенне фартыфікацыйных умацаванняў, якія абараняюць ад магчымай контратакі з боку баевікоў, амаль завершанае. Аднак я застаюся прыхільнікам мірнага ўрэгулявання на Данбасе.


Учора ўкраінскі бок паведаміў пра гібель і раненні цывільных асобаў у выніку траплення ракеты, выпушчанай з „Граду”, у аўтобус у Валнавасе ў Данецкай вобласці, і вінаваціць у гэтым прарасейскіх баевікоў. Яны сваю віну адмаўляюць, а расейскія і прарасейскія выданні разыходзяцца ў версіях.
Беларускае Радыё Рацыя