Пётр Парашэнка: Сумленная перамога і падтрымка ўсяго свету — тое, да чаго варта імкнуцца на выбарах
"Мой асабісты прыклад павінен пераканаць Аляксандра Лукашэнку, што сумленная перамога і падтрымка ўсяго свету — гэта тое, да чаго варта імкнуцца", — заявіў Пётр Парашэнка 26 мая на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, адказваючы на пытанне БелаПАН пра перавагі дэмакратычнага шляху змены ўлады.
Паводле слоў Парашэнкі, у яго з Аляксандрам Лукашэнкам "досыць даўнія і добрыя адносіны". "Я лічу, той факт, што мы ў свой час знайшлі кампраміс па пытанні дзяржаўнай
мяжы, што мы эфектыўна выйшлі з гандлёва-эканамічнага супрацьстаяння, якое суправаджала ўкраіна-беларускія адносіны доўгі час, паказвае, што мы ўмеем знаходзіць кампрамісы ў складаных
сітуацыях", — сказаў палітык, які набраў большасць галасоў выбаршчыкаў на пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне.
Галоўнай матывацыяй для развіцця дэмакратыі ў Беларусі Парашэнка бачыць удзел краіны ў ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства".
"Магу сказаць, што калі б наша рэвалюцыя не перамагла, то праграма "Усходняе партнёрства" была б няўдачай Еўрасаюза, — сказаў Парашэнка. — Перакананы, што
пасля перамогі, у тым ліку і пасля маёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, адкрываюцца зусім новыя перспектывы не толькі перад Украінай. Мы сёння можам гаварыць ужо пра зусім зразумелую і выразную
пазіцыю Малдовы, Грузіі, Украіны".
Парашэнка "абсалютна перакананы" ў тым, што Беларусь павінна скарыстацца ўсімі перавагамі Усходняга партнёрства.
"ЕС прапануе Беларусі шэраг праграм, якія суправаджаюць Усходняе партнёрства і не супярэчаць знешнепалітычнай пазіцыі Аляксандра Рыгоравіча (Лукашэнкі. — БелаПАН.).
— адзначыў Парашэнка. — А тое, што трэба сёння рабіць змены ў бок дэмакратыі, абсалютна відавочна. Мы не губляем надзею супрацоўнічаць з Беларуссю па гэтым кірунку".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН