Польшча. Грамадская праца для "вечных" беспрацоўных
Польскае міністэрства працы пачынае вайну з “вечнымі” беспрацоўнымі. Ведамства прапануе ім грамадскія працы і заняткі з трэнерамі па працаўладкаванні. Такім чынам міністэрства хоча актывізаваць каля мільёна чалавек, якія на біржах працы зарэгістраваныя даўжэй чым год.
![9e7baed8_edb3_4553_916d_1bc22c518438.jpg 9e7baed8_edb3_4553_916d_1bc22c518438.jpg](/img/v1/news/full/9e7baed8_edb3_4553_916d_1bc22c518438.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вялікая колькасць зарэгістраваных доўгатэрміновых беспрацоўных карыстаецца сацыяльнай дапамогай. Такія асобы будуць мець абавязак цягам 20 гадзін у тыдзень працаваць над сваім вяртаннем на рынак працы. З гэтага 10 гадзін на грамадскай працы, а другія 10 гадзін — заняткі з трэнерам.
“Тое, што мы хочам даць камусьці шанец вярнуцца на рынак працы, я не лічу прымусам”, — казаў Польскаму радыё міністр працы Уладзіслаў Косіняш-Камыш.
Праграма пачне дзейнічаць з будучага года. Пачаткова грамадская праца і заняткі з трэнерам будуць добраахвотнымі, з 2015 года ўдзел будзе абавязковым.