Польшча яшчэ больш спрасціла працаўладкаванне дактароў-мігрантаў
Вярхоўны суд Польшчы адмяніў частку пастановы Вышэйшага медыцынскага савета ад 21 студзеня 2021 года, які патрабуе ад лекараў, што атрымалі кваліфікацыю за межамі Еўрасаюза, пацвярджаць веданне польскай мовы для працы ў краіне.
На фоне пандэміі каронавіруса Польшча ў канцы 2020 года дазволіла працаўладкаванне лекараў з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз. Для гэтага неабходна было пацвердзіць дыплом у консула, атрымаць згоду міністра аховы здароўя і права займацца прафесіяй ад раённага медыцынскага савета, піша АФН.
У студзені 2021 года Вышэйшы медыцынскі савет пастанавіў, што такім лекарам неабходна прадастаўляць дакументы аб веданні польскай мовы і медыцынскую даведку, аднак у красавіку міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі абскардзіў гэтую пастанову.
У сераду Вярхоўны суд разгледзеў скаргу міністра і часткова задаволіў яе, адмяніўшы частку пастановы, якая патрабуе ад лекараў пацвярджэння ведання польскай мовы.
Як правіла, у Польшчу едуць працаваць лекары з Беларусі і Украіны.