Прэзідэнт Эстоніі: Тыя, хто нападае на Украіну, нападаюць і на Еўропу

Тыя, хто нападае на Украіну нападаюць таксама і на Еўропу. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес на мерапрыемстве ў гонар 95-годдзя Тартускага мірнага дагавора. 



ilves.jpg

Паводле яго слоў, стральба па малайзійскім пасажырскім самалёце і ракетны абстрэл жылых дамоў у Марыўпалі з'яўляюцца жорсткімі злачынствамі, арганізатары якіх, а таксама іх прыхільнікі і тыя, хто далі ім зброю, павінны паўстаць перад міжнародным судом.
«Натхняльнікі і выканаўцы гэтых злачынстваў маюць падвергнуцца санкцыям дэмакратычных краін. Як і тыя, хто парушае ваеннае права зневажальнымі паводзінамі з ваеннапалоннымі», — сказаў ён.
На думку Ільвеса, гэта павінна стаць выразным сігналам, што вызначае далейшыя дзеянні.
«Амаральна казаць намёкамі. Тыя, хто нападае на Украіну, нападаюць і на Еўропу, нашы каштоўнасці і ўсю міжнародную сістэму, якая дзейнічала да гэтага часу», — перакананы прэзідэнт Эстоніі.
Ён адзначыў, што агрэсіі няма ні апраўдання, ні прабачэння.
«Да яе не прывыкаюць, як, на жаль, ужо сталі прывыкаць да замарожаных канфліктаў у Прыднястроўі, Паўднёвай Асеціі ці Абхазіі», — дадаў Ільвес.
Нагадаем, раней прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес заявіў, што ЕС павінен абмеркаваць новыя санкцыі ў дачыненні да РФ.
eurointegration.com.ua