Расія. Мэр, які ратуе ад пахмелля
У Маскве 9 верасня пройдуць выбары мэра горада. У прынцыпе, іх вынік ужо вядомы. Дзеючы мэр Сяргей Сабянін атрымае большасць галасоў за кошт маштабнага піяру.

Чым бліжэй дзень выбараў, тым больш дыфірамбаў на адрас кіраўніка горада гучыць у СМІ. Грамадства адрэагавала на такую істэрыку вельмі арыгінальна: пачало сваю іранічную агітацыйную кампанію «За Сабяніна».
Карыстальнікі сацсетак наперабой спаборнічаюць у рэкламе мэра. Вось прыклады агітак: «Выказваю велізарную ўдзячнасць мэру за адсутнасць пахмелля сёння»; «Дзякуй Сабяніну за тое, што сёння я набыла сабе новыя джынсы! Пашанцавала з кіраўніком сталіцы!»; «Выказваю велізарную ўдзячнасць Сабяніну за тое, што мае бацькі такой прыгожай мяне нарадзілі», і гэтак далей.
Безумоўна, такая творчая кампанія сведчыць пра наяўнасць у Расіі рэсурсу для апазіцыі. З іншага боку, гэтая гісторыя адлюстроўвае і слабасць апазіцыйных сілаў, якія не здольныя выкарыстаць існуючы патэнцыял.
Увогуле, выбары мэра сталі яшчэ адной дэманстрацыяй слабасці апазіцыйных партый Расіі, якія імкліва выраджаюцца ў гурткі дысідэнтаў.
Паводле расійскай прэсы