Расійскае ТВ: «Мы можам і ў Берліне правесці парад Перамогі 9 мая»

Расійскі федэральны «5 канал» паказаў сюжэт, у якім гаворыцца, што расійскія танкі здольныя дайсці да Варшавы за суткі, а ў сталіцы краін Балтыкі расійскія салдаты могуць патрапіць увогуле пешшу.



russian_bears_on_the_attack.jpg

Такім чынам журналісты праграмы «Галоўнае», якая выйшла ў нядзелю, адрэагавалі на заяву кіраўніка МЗС Польшчы Гжэгажа Схетыны аб ненатуральнасці адзначэння Дню Перамогі ў Маскве.

«Варшава — гэта занадта проста. Ад Масквы да польскай сталіцы ўсяго 1300 кіламетраў. Танк Т-90, напрыклад, увойдзе ў прыгарады менш чым праз суткі пасля пачатку маршу. Да гэтага часу байцы ПДВ — ім на перакідку трэба ўсяго дзве гадзіны — паспеюць правесці рэпетыцыю, зварыць святочную кашу з тушонкай і адпрасаваць парадную форму. Здаецца, нас даўно не было ў Берліне? 9 Мая  — выдатная нагода для сяброўскага візіту. 1800 кіламетраў для сучаснай арміі — не адлегласць, пагатоў многія рускія афіцэры нядрэнна ведаюць Германію, ім там нават мапы не спатрэбяцца», — гаворыцца ў сюжэце. Апошнія словы гэтай фразы суправаджаюцца кадрамі, на якіх замест нямецкага сцяга на флагштоку падымаюць расійскі.
«Прага, Хельсінкі, Вільнюс, Талін, Рыга — гэта наогул зусім побач. У палову гэтых гарадоў святочныя рускія салдаты могуць дайсці проста ў пешым парадку. Візіт у Лондан і Вашынгтон, вядома, прыйдзецца планаваць загадзя: без авіяцыі і флоту тут не абысціся. Але да мая яшчэ ёсць час, таму заяўкі прымаюцца. Войска ў нас вялікае, для ўсіх хопіць», — кажа журналіст.


Варта адзначыць, што «5 канал» уваходзіць у «Нацыянальную медыя групу», савет дырэктараў якой ўзначальвае былая гімнастка Аліна Кабаева.