Ільхам Аліеў параўнаў канфлікты ва Украіне і ў Карабаху: той жа вынік — акупацыя, сепаратызм

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў мяркуе, што карабахскі і ўкраінскі канфлікты «з'яўляюцца люстэркавым адбіткам адзін аднаго».



russia_karabakh.jpg

У рамках панэльных абмеркаванняў на тэму «Акрамя Украіны — неўрэгуляваныя канфлікты ў Еўропе» на 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ён заявіў, што калі б армяна-азербайджанскі канфлікт быў урэгуляваны, сёння ў Еўропе магло не быць новага ачага напружанасці.
«Вядома, трагічная сітуацыя ва Украіне прыцягвае ўвагу і да іншых канфліктаў, рашэнне якіх зацягваецца на працягу многіх гадоў. На нашым прыкладзе канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам мае больш чым 20-гадовую гісторыю. Гэты канфлікт пачаўся да распаду Савецкага Саюза, а пасля яго распаду яшчэ больш абвастрыўся. Канфлікт прывёў да акупацыі прызнаных на міжнародным узроўні тэрыторый Азербайджана. У АБСЕ ёсць спецыяльная група, якая займаецца ўрэгуляваннем дадзенага канфлікту. Яна называецца Мінская група і яе сустаршынямі з'яўляюцца тры пастаянных члена Савета Бяспекі ААН — Расія, Францыя і ЗША. Гэтая група функцыянуе ўжо больш за дваццаць два гады, аднак ніякіх вынікаў не дасягнута», — нагадаў Аліеў падчас размовы з прэзідэнтам Славеніі Борутам Пахорам, стэнаграма якой апублікавана на афіцыйным сайце азербайджанскага прэзідэнта.
Тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджана мае такую ж каштоўнасць, як і тэрытарыяльная цэласнасць Украіны, пра якую ўсе цяпер кажуць, падкрэсліў Аліеў, адзначыўшы, што карабахскі канфлікт апынуўся ў ценю іншых важных міжнародных падзей.
«Лічу, што ўрокі, вынесеныя з украінскага пытання, павінны быць вельмі ўважліва вывучаныя. Калі б армяна-азербайджанскі канфлікт быў урэгуляваны, то Украіна, магчыма, не сутыкнулася б цяпер з гэтым канфліктам, бо тут мае месца той жа сцэнар  — такое ж парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці, той жа вынік, акупацыя, сепаратызм. Яны нібы з'яўляюцца люстраным адбіткам адзін аднаго. Таму мы чакаем ад міжнароднай грамадскасці, вядучых краін свету такога ж падыходу», — падкрэсліў прэзідэнт Азербайджана.