Макей правёў сустрэчы на высокім узроўні з еўрапейскімі чыноўнікамі

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі заклікаў прадстаўнікоў краін ЕС да хутчэйшага пераводу двухбаковага ўзаемадзеяння ў нармальнае канструктыўнае рэчышча.



makiej6.jpg

8 лютага завяршыўся рабочы візіт Уладзіміра Макея ў Германію. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прыняў удзел у працы 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, якая з'яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных міжнародных форумаў па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.
У ходзе канферэнцыі Уладзімір Макей правёў двухбаковыя сустрэчы з Федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, намеснікам старшыні Еўракамісіі — Высокім прадстаўніком Еўрасаюза па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыкай Магерыні, міністрамі замежных спраў Італіі, Егіпта, Кеніі, Афганістана, міністрам абароны Пакістана, калегамі з шэрагу іншых краін.
У ходзе гутарак з прадстаўнікамі з краін ЕС міністр давёў падыходы беларускага боку па далейшым развіцці дыялогу з Брусэлем, заклікаў да хутчэйшага пераводу двухбаковага ўзаемадзеяння ў нармальнае канструктыўнае рэчышча. Пры абмеркаванні канфлікту ва Украіне ён падкрэсліў настойлівую неабходнасць хутчэйшага спынення агню паміж канфліктуючымі бакамі. Таксама Уладзімір Макей давёў суразмоўцам беларускія прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне.
У рамках работы па дыверсіфікацыі беларускага экспарту з прадстаўнікамі Афганістана, Егіпта, Кеніі і Пакістана абмеркаваны шляхі інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы і на міжнароднай арэне.
БелТА