«Рускі ваенны карабель, ідзі на...» — лепшая паштовая марка свету 2022 года
«Укрпошта» атрымала тры ганаровыя ўзнагароды прэстыжнай прэміі «World Post & Parcel Awards 2023». У прыватнасці, легендарная ўжо паштовая марка «Рускі ваенны карабель, ідзі на...» прызнаная лепшай у свеце ў 2022 годзе.
«Укрпошта» з-за той самай маркі стала лепшай і ў катэгорыі «Філатэлістычная кампанія года». Наклад паштовага выпуску «Рускага ваеннага карабля» склаў 5 мільёнаў асобнікаў.
«2022 год стаў для ўкраінскай філатэліі годам перазагрузкі, уздыму і сапраўднага росквіту. Прыклад “Укрпошты” даказаў, што гэтая галіна можа мець надзвычайны попыт і папулярнасць. Украінскай філатэліяй сталі цікавіцца не толькі ўнутры краіны, але і ў свеце», — адзначаюць ва «Укрпошце».
Паведамляецца, што пра ўкраінскія маркі пісалі сусветныя медыя: CNN, The Guardian, The Times, The Washington Post, Bloomberg і інш.
Разам з «Укрпоштай» фіналістамі ў гэтай намінацыі былі Пошта Сінгапура (Singapore Post) і пошта Бразіліі (Correios — Brazil Post).
Акрамя таго, генеральны дырэктар «Укрпошты» Ігар Смялянскі атрымаў узнагароду ў спецыяльнай намінацыі прэміі «World Post & Parcel Awards 2023» — «лідар галіны». Гэтай узнагародай адзначаюць самых уплывовых прафесіяналаў за іх поспехі, важкія ўклады, інавацыі і развіццё ў прасоўванне паштовай галіны і экспрэс-дастаўкі. У розныя гады гэтай узнагародай былі адзначаны кіраўнікі пошт свету: Цім Браўн (Jersey Post), Пітэр Сомерс (Emirates Post), Кен Ален (DHL Express) і інш.
Таксама «Укрпошта» была адзначана ўзнагародай «World Post & Parcel Awards 2023» у катэгорыі «паштовы аператар».
«Нацыянальны паштовы аператар “Укрпошта” паказаў свету, што можа працаваць ва ўмовах поўнамаштабнай вайны, выконваць дзяржаўныя сацыяльныя задачы па рэлакацыі бізнесу, падтрымліваць украінскіх прадпрымальнікаў, дастаўляць пенсіі, забяспечваць бесперабойную лагістыку ўнутры краіны і за яе межамі, выдаваць фінансавую дапамогу ад міжнародных арганізацый, паспяхова развіваць экспарт нягледзячы на закрытае неба, дастаўляць гуманітарную дапамогу з-за мяжы», — гаворыцца ў паведамленні паштовага аператара Украіны.
У шорт-лісце ў намінацыі «паштовы аператар», у якой «Укрпошта» атрымала перамогу, таксама былі заяўленыя пошта Катара (Qatar Post) і пошта Бразіліі (Correios — Brazil Post).
Адзначым, што ў 2019 годзе «Укрпошта» ўжо была пераможцам прэміі «World Post & Parcel Awards» у дзвюх катэгорыях: «Паштовыя тэхналогіі для e-commerce» і «Сацыяльна адказныя праграмы».
«World Post & Рarcel Awards» — самая аўтарытэтная галіновая прэмія, якая 24-ты год запар адзначае дасягненні ў індустрыі пошты і экспрэс-дастаўкі. У адкрытым конкурсе штогод прымаюць удзел кампаніі паштовай і экспрэс-дастаўкі і кампаніі, якія ствараюць тэхналагічныя рашэнні для аўтаматызацыі і інфармацыйнага абмену ў паштова-лагістычнай сферы.