Сутычкі з паліцыяй і 16 затрыманых. У Грузіі актывісты не дазволілі згуляць вяселле сваякам Лаўрова (відэа)

У Грузіі прадстаўнікі апазіцыйных партый і грамадзянскія актывісты прыйшлі да гасцінічнага комплексу Kvareli Lake Resort у Кахеціі, дзе, як меркавалася, знаходзілася дачка міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова Кацярына. Пра гэта паведамляе «Новая газета. Еўропа» са спасылкай на грузінскія медыя.

Паліцэйскія каля гатэлю ў Кахеціі. Фота newsgeorgia.ge

Паліцэйскія каля гатэлю ў Кахеціі. Фота newsgeorgia.ge

Паведамляецца, што актывісты закідалі яйкамі мікрааўтобус з расійскімі гасцямі. Для абароны гатэля туды былі сцягнутыя некалькі сотняў паліцэйскіх, якія ачапілі перыметр. Пачаліся сутычкі дэманстрантаў з сілавікамі.

Мясцовыя медыя паведамляюць, што ля гасцініцы былі затрыманыя спачатку пяць грамадзянскіх актывістаў, але потым іх колькасць узрасла да 16. Гэтую інфармацыю пацвердзіла грузінская МУС.

Падчас мітынгу ля атэля паліцэйскія нібыта глушылі сігнал у акрузе, а таксама забіралі тэлефоны ў журналістаў.

Паводле наяўных звестак, сярод затрыманых — сябра Нацыянальнага руху гарадскога савета Тбілісі апазіцыйны палітык Іраклій Эдзгверадзэ.

Напярэдадні паведамлялася, што дачка кіраўніка расійскага МЗС знаходзіцца ў Грузіі. Паводле даных медыя, сваякі Лаўрова прыехалі ў краіну, каб адсвяткаваць вяселле брата мужа Кацярыны. Урачыстасць планавалі правесці ў Kvareli Lake Resort.

Сваякі Лаўрова знаходзяцца пад санкцыямі ЗША і ЕС. Грузінскія ўлады абвяргалі прысутнасць дачкі расійскага міністра ў краіне.

Сябра апазіцыйнага Нацыянальнага руху Ніка Меліа, які прыехаў да гасцініцы раніцай 20 траўня, наадварот, сцвярджаў, што прысутнасць Лаўровай у гатэлі яму пацвердзілі супрацоўнікі комплексу.

«Гэта вульгарна-цынічнае стаўленне да грамадзян Грузіі з боку Пуціна і Лаўрова. < ... > Увесь свет павінен зразумець, што сённяшні грузінскі ўрад і ўрад Пуціна ўзаемазвязаныя. У краіне няма ўрада Грузіі, у краіне ёсць урад Расіі», — сказаў ён.

Пры гэтым у камэнтары для грузінскай службы «Радыё Свабода» прадстаўніца гатэлю заявіла, што дачка Лаўрова не знаходзіцца на тэрыторыі комплексу.

Сітуацыя з вяселлем падсанкцыйных расійцаў вымусіла прэзідэнтку Грузіі Саламэ Зурабішвілі правесці экстраны брыфінг.

Саламэ Зурабішвілі заявіла, што вяселле з удзелам ваякоў адыёзнага пуцінскага міністра ў Грузіі не адбудзецца.

«Я атрымала паведамленне ад міністра ўнутраных спраў, што сям'я, людзі, якія збіраліся гуляць другі дзень вяселля, з'ехалі, і вяселле сёння не адбудзецца. Гэта свайго роду перамога грамадства <...>, але гэта адзінкавы выпадак, і такім чынам праблема не развязаная. Я хачу звярнуцца да ўладаў, нельга так гуляць са сваім народам», — сказала прэзідэнтка.

Нагадаем, прэзідэнт у Грузіі не мае рэальных уладных паўнамоцтваў, а выконвае ў асноўным цырыманіяльныя і прадстаўнічыя функцыі. Краіна з'яўляецца парламенцкай рэспублікай, з 2012 года большасць у парламенце мае партыя алігарха Бідзіны Іванішвілі «Грузінская мара». Праз сімпатыі да пуцінскай Расіі частка грузінскага грамадства называе партыю «Рускай марай».

Скандал з вяселлем сваякоў Лаўрова адбыўся ў Кахеціі на фоне ўчорашняга аднаўлення прамога авіязлучэння паміж Грузіяй і Расіяй. З гэтай нагоды ў краіне праводзяцца акцыі пратэсту. Чарговая анансавана сёння ўвечары каля будынка грузінскага парламента ў Тбілісі.