Свабодныя і справядлівыя выбары ў Азербайджане пад пагрозай

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў Азербайджане 9 кастрычніка, азербайджанскія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці.



azer1.jpg

Гэтак, 17 верасня супрацоўнікамі Міністэрства нацыяльнай бяспекі быў затрыманы Парвіз Хашымлі, журналіст выдання «Бізім Йол» («Наш Шлях»), рэдактар сайта навінаў moderator.az і старшыня Цэнтру абароны палітычных і грамадзянскіх правоў.   
Падчас ператрусу, які праводзіўся ў яго кватэры без яго прысутнасці, нібыта былі знойдзеныя пісталет і граната. Як сцвярджае жонка Парвіза Хашымлі, якая прысутнічала пры ператрусе, на самой справе зброя была падкінутая супрацоўнікамі МНБ. 
18 верасня Парвіз Хашымлі быў дастаўлены ў суд з чорным мяшком на галаве. Суд санкцыянаваў яго арышт на два месяцы па артыкулах аб кантрабандзе і незаконнаму захоўванню зброі. 
Як лічаць эксперты, сапраўднай прычынай яго арышту была серыя ўцечак, датычных стану рэчаў у дзяржаўным апараце, надрукаваная на сайце moderator.az
Інстытут бяспекі і свабоды рэпарцёраў устрывожаны хваляй арыштаў напярэдадні выбараў, лічачы іх спробай перашкодзіць незалежнаму асвятленню падзеяў. 
«Мы заклікаем улады Азербайджана вызваліць журналістаў і спыніць практыку кляймення іх як злодзеяў і тэрарыстаў», — сказаў старшыня арганізацыі Эмін Хусэйнаў. 
ІСБР нагадвае, што нядаўна МНБ гэтак жа сама «знайшло» кактэйлі Молатава і наркотыкі ў актывістаў грамадзянскага руху NIDA. Цяпер тая ж тактыка выкарыстоўваецца супраць журналістаў.
«Дэмакратычныя выбары патрабуюць роўнай гульнявой пляцоўкі, на якой кандыдаты могуць свабодна спаборнічаць, а выбаршчыкі бесперашкодна прымаць абгрунтаваныя рашэнні. Як Азербайджан правядзе свабодныя выбары, калі лідэры апазіцыі, журналісты і грамадзянскія актывісты знаходзяцца за кратамі і людзі не могуць свабодна выказвацца?», — дадаў Эмін Хусэйнаў. 
ІСБР заклікае міжнародныя арганізацыі паўплываць на ўлады Азербайджана.