Таджыкістан. Эсэ пра «лідара нацыі»
Міністэрства адукацыі і навукі Таджыкістана зацвердзіла пералік тэмаў, на якія абітурыенты ВНУ краіны будуць пісаць эсэ.
Будучыя студэнты, у прыватнасці, могуць напісаць эсэ на тэму «Лідар нацыі — абаронца нацыі» ці «Мы — паслядоўнікі лідара нацыі». Наяўнасць такіх тэмаў — не дзіўная, асабліва калі ўзгадаць, што прапанову аб напісанні эсэ на дзяржаўнай мове ў свой час агучыў сам лідар нацыі, кіраўнік Таджыкістана Эмамалі Рахмон.
Цікава, што гэтую ідэю асцярожна крытыкуюць нават таджыкі. Відавочна, што такі твор будзе складацца з набору правільных лозунгаў, якія не дазволяць ацаніць узровень ведаў абітурыента.
Дарэчы, абітурыенты могуць абраць і іншую з каля 60 зацверджаных калегіяй міністэрства тэмаў, сярод якіх нямала арыгінальных. Напрыклад: «Я — арыец, і ганаруся гэтым», «Нацыянальная адзенне — сімвал нацыянальнай культуры», «Упарадкаванне звычаяў — карысць для жыцця» і гэтак далей.
Паводле таджыкскай прэсы