У Літве абяцаюць за тры тыдні выпрацаваць рашэнне па транзіце беларускага калію
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ заявіла, што ўрад краіны не плануе спыняць транзіт беларускага калію «любой цаной».
«Мы шукаем рашэнне, якое, з аднаго боку, захавае рэпутацыю нашай дзяржаўнай кампаніі ["Літоўская чыгунка"], у тым ліку ў вачах нашых саюзнікаў, а з другога боку — абароніць урад і дзяржаву ад неабгрунтаваных прэтэнзій або фінансавай шкоды», — заявіла Інгрыда Шыманітэ, яе цытуе LRT.
Шыманітэ зазначыла, што ва ўрадзе шукаюць рашэння, якое можна будзе «абараніць у судзе».
Раней у «Беларуськаліі» заявілі, што ў выпадку спынення транзіту Літва сутыкнецца са шматмільярднымі пазовамі ад кліентаў беларускай кампаніі.
Урад Літвы абяцае прыняць канчатковае рашэнне цягам трох тыдняў.
Літоўская чыгунка падпісала дамову з «Беларуськаліем» вясной 2018 года, яна дзейнічае да канца 2023 года. У адпаведнасці з ёю праз Літву і Клайпедскі порт перавозіцца каля 11 млн тон беларускіх угнаенняў. 21 снежня ўрадавая камісія Літвы пастанавіла, што гэтая дамова ўвасабляе пагрозу для бяспекі краіны.
На дадзены момант супраць беларускага дзяржаўнага прадпрыемства дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза і ЗША.
17 снежня стала вядома, што ў сувязі са скарачэннем беларускіх грузаў порт у літоўскай Клайпедзе пачаў звальняць рабочых, частка грузаў з Беларусі не прыходзіць ужо са студзеня, амаль год. Пасля скандалу з транзітам прадукцыі «Беларуськалія» старшыня праўлення «Літоўскай чыгункі» Кястуціс Шлюжас паведаміў пра звальненне кіраўніка кампаніі Мантаса Бартушкі.