У Турцыі заблакаваныя Twitter, Facebook і WhatsApp
Доступ да папулярных анлайн-сервісаў Twitter, Facebook і WhatsApp заблакаваны ў Турцыі пасля арышту 11 заканадаўцаў з асноўнай парламенцкай пракурдской сілы — Дэмакратычнай партыі народаў, паведамляе BBC.
Як паведамляюць турэцкія інтэрнэт-рэсурсы, блакіроўка закранула ў першую чаргу мабільныя прыкладанні.Два сустаршыні пракурдскай апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі народаў — Селахаттын Дэмірташ і Фіген Юксекдаг — былі затрыманыя турэцкімі ўладамі раніцай у пятніцу.
Карыстальнікі сацсетак таксама адзначаюць, што блакаванне можа быць звязаная з няўдалай ліпеньскай спробай дзяржаўнага перавароту.
Як сцвярджае супольнасць маніторынгу інтэрнэту Turkey Blocks, усе гэтыя сайты і прыкладанні заблакаваныя так званым метадам «удушэння» — калі праца вэб-старонак штучна запавольваецца настолькі, што імі становіцца немагчыма карыстацца.
Раней на гэтым тыдні назіральнікі паведамлялі аб поўным блакаванні доступу да інтэрнэту на паўднёвым усходзе Турцыі, дзе засяроджана курдскае насельніцтва. Па дадзеных Turkey Blocks, без інтэрнэту на нейкі час засталіся 6 мільёнаў чалавек.