Украінская ўлада не збіраецца ваяваць за Данбас — Клімкін
Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў пра адмову ўкраінскіх уладаў адваёўваць рэгіёны на Данбасе, кантраляваныя прарасійскімі сепаратыстамі.

Павел Клімкін. Фота Reuters
Пра гэта ён паведаміў нямецкай газеце "Rheinische Post".
"Такая ваенная аперацыя закранула б таксама і грамадзянскае насельніцтва, нашых украінскіх суграмадзян", — цытуе выданне кіраўніка МЗС Украіны ў пятніцу, 14 лістапада.
Ён падкрэсліў, што ўрад Украіны мае намер і далей прытрымлівацца рэжыму спынення агню і працягваць пошук палітычных рашэнняў у канфлікце. У выпадку, калі падтрыманыя Расіяй сепаратысты зноў пачнуць атакаваць пазіцыі ўкраінскай арміі, яна дасць ім дастойны адпор, бо за апошні час яе баяздольнасць істотна ўзрасла, сказаў Клімкін.
"Сёння ў яе шэрагах тысячы салдат, якія могуць змагацца, і ўжо даказалі гэта", — адзначыў кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства. Ён таксама даў зразумець, што Украіне ў бліжэйшы час зноў спатрэбіцца далейшая фінансавая дапамога Захаду.
Паводле gazeta.ua