Украінскія вайскоўцы захапілі КАМАЗ тэрарыстаў, які Расія вырабляе для свайго войска
Украінскія ваенныя у Арцёмаўску Данецкай вобласці адбілі ў баявікоў браніраваны КАМАЗ са зброяй. Пры аглядзе ў кузаве аўтамабіля быў знойдзены адзін 12,7 мм кулямёт «Корд», тры аўтаматычныя 30 мм гранатамёты АГС-17 з боекамплектам і сцяг Расійскай Федэрацыі.
«Уноч з 8 на 9 чэрвеня 2014 года адну з вайсковых частак Узброеных Сіл Украіны, якая размешчана ў г. Арцёмаўск Данецкай вобласці, атакавалі тэрарысты на грузавым і двух легкавых аўтамабілях. Пры нападзе яны выкарыстоўвалі аўтаматычную зброю, ручныя і падствольныя гранатамёты. У ходзе працяглага бою вайскоўцы Узброеных Сіл Украіны адбілі напад і прымусілі баевікоў адступіць. Пры гэтым быў захоплены грузавы аўтамабіль КАМАЗ, які належаў тэрарыстам», — цытуе УНІАН паведамленне Мінабароны Украіны.
На зробленых пасля бою фотаздымках грузавога аўтамабіля КАМАЗ добра відаць, што яго лабавое шкло браняванае. Таксама на машыне ўсталяваныя браняваныя барты. Зверху кабіны маецца адмысловая адтуліна, якую можна выкарыстаць, напрыклад, для ўстаноўкі кулямёта. Па словах украінскіх вайскоўцаў, падчас бою КАМАЗ ўдалося спыніць толькі пасля траплення са стралковай зброі калібра 7,62 (калібр 5,45 не «прайшоў») у рухавік і па колах.
Ва Украіне мадэлі аўтамабіляў такога класа не вырабляюцца. Затое, аўтамабілі падобнага класа, сярод якіх ёсць і браняваныя, вырабляюцца на заводзе ААТ «КАМАЗ» у Расіі.
На афіцыйным сайце Мінабароны Расійскай Федэрацыі 10 чэрвеня 2014 года ў 10.15 размешчана фотаілюстраванае паведамленне: «Больш за 500 кіроўцаў расійскай ваеннай базы Арменіі навучацца кіраваць новымі аўтамабілямі «Мустанг», падрыхтаванае прэс-службай Паўднёвай ваеннай акругі Узброеных сіл Расіі. Цікава, што фота КАМАЗаў з сайта МО РФ і знішчанага ўкраінскімі вайскоўцамі ў Арцёмаўску — амаль ідэнтычныя. Дарэчы, штаб Паўднёвай ваеннай акругі дыслакуецца ў Растове-на-Доне — горадзе, паблізу якога, па паведамленнях украінскіх спецслужбаў, рыхтуюцца тэрарысты для аперацый на тэрыторыі Украіны, паведамілі ў Мінабароны.