Вайна за Кірылу і Мяфодзія

Пакуль мы звыкла пішам тэксты кірыліцай, на Балканах ідзе нежартоўная вайна за манапольнае права на кірылічны правапіс і нацыянальную прыналежнасць яго вынаходнікаў.

kiril_i_mefodiy_kratkoe_soobschenie.jpg


У савецкія часы ўвесь савецкі лагер шалеў ад анекдотаў пра Габрава. Між тым, сама Балгарыя была дастаткова шэрай краінай. Аднак былі і выключэнні. Напрыклад, 24 траўня, калі ў краіне на дзяржаўным узроўні святкаваўся Дзень славянскага пісьменства, звязаны, у сваю чаргу, з імёнамі Кірылы і Мяфодзія — хрысціянскіх місіянераў, якія ў ІХ стагоддзі стварылі азбуку для славян.
У календары чырвоных дат 24 траўня ледзьве не адзіным непалітызаваным выходным днём, які дазвалялі святкаваць без чырвоных сцягоў і партрэтаў Леніна і Дзімітрава (Георгій Дзімітраў — гістарычны лідар балгарскіх камуністаў). Таму балгарскі народ вельмі любіў тое свята, і дасюль захаваў сантымент да яго.Магчыма таму, калі летась урад нечакана вырашыў змяніць фармат і назву свята, грамадства трошкі напружылася. Новы варыянт назвы гучыць так: Дзень балгарскага алфавіту, адукацыі, культуры і славянскай літаратуры. Адзначаць яго вырашылі з рознага кшталту рытуаламі з удзелам урадавых чыноўнікаў.
Адпаведна, была падкарэктаваная і ідэалагічная матрыца свята. Ад пастулату пра тое, што Кірыла і Мяфодзій прыдумалі славянскі правапіс, вырашылі адмовіцца. Цяпер у Сафіі карэктна казаць, што яны стварылі алфавіт на старабалгарскай мове, а дакладна — на аснове салонікскага дыялекту. Адначасова «кірыліцу» вырашылі называць «балгарскай азбукай». Лічыцца, што рускія, сербы і іншыя славянскія народы пазней яе проста прысабечылі.
Крытыка на адрас рэфарматараў 24 траўня гучала ледзь не адразу. Некаторым не спадабалася ідэя «балгарызацыі» кірыліцы, якая па-сутнасці ёсць адаптаваным алфавітам грэкаў. «Гэта тое ж самае, як заявіць, што выключна ў Балгарыі ёсць ёгурт», — іранізавала адно з мясцовых выданняў.
Новыя нацыяналістычныя павевы выклікалі незадаволенасць у лагеры праваабаронцаў. Яны звярталі ўвагу на тое, што Балгарыя даўно ужо не этнічна аднародная краіна. Прыкладна 10% балгарскіх грамадзян — этнічныя туркі і ромы, якім ідэйны фармат новага свята выяўляецца чужым і незразумелым.
Гісторыкаў і філолагаў новая трактоўка нацыянальнай прыналежнасці вынаходнікаў кірыліцы трошкі здзівіла. Дакладна вядома, што Кірыла і Мяфодзій нарадзіліся на тэрыторыі Візантыйскай імперыі, у грэцкім горадзе Фесалонікі (Салунь), і, хутчэй за ўсё, былі грэкамі. Праўда, ёсць версія, што яны належалі да асіміляваных у рамейскім асяроддзі паўднёваславянскіх родаў. Пры гэтым дзейнасць асветнікаў галоўным чынам была сканцэнтравана на тэрыторыі Візантыі, а таксама ў Вялікай Маравіі (тэрыторыя цяперашняй Чэхіі). Балгарыя стала праваслаўным цэнтрам трошкі пазней.
А вось у Паўночнай Македоніі рэформу 24 траўня крытыкавалі з іншых пазіцый. Тут пераважае думка пра тое, што балгары не маюць ніякага права прэтэндаваць на спадчыну аўтараў славянскай азбукі, паколькі маюць цюркскае паходжанне. Сапраўды, цюркамоўныя булгары прыйшлі на Балканы ў VII стагоддзі з прычарнаморскіх стэпаў.
Хаця ў этнагенезе сучасных балгараў бралі ўдзел і славяне, у Скоп’е гэты момант упарта ігнаруюць. «Балгары — мангола-татарскае племя цюркскай групы народаў. У той жа час жыхары цяперашняй Рэспублікі Паўночная Македонія былі нашчадкамі старажытных македонцаў», — гаворыцца ў мясцовых падручніках гісторыі. Адпаведна Кірылу і Мяфодзія адносяць да асобаў паўночна-македонскай нацыянальнасці.
Менавіта абвастрэннем спрэчак паўночнамакедонскіх і балгарскіх гісторыкаў можна растлумачыць незвычайныя эмоцыі вакол свята 24 траўня. Шмат людзей у балгарскім палітыкуме лічаць Паўночную Македонію вынікам эксперыменту югаслаўскіх камуністаў над мясцовымі балгарамі. З іншага боку, у Скоп’е разглядаюць частку балгарскай гісторыі ў якасці фрагмента македонскай. Акрамя таго, відавочна, што баталіі за гісторыю дазваляюць абодвум урадам адцягнуць увагу ад сацыяльна-эканамічных праблем.
Пры гэтым у Сафіі лічаць, што на супярэчнасцях у гістарыяграфіі актыўна грае Крэмль. 24 траўня расійскае пасольства павіншавала македонцаў са святам, працытаваўшы словы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які неяк заявіў, што пісьменнасць у Расію прыйшла з тэрыторыі Македоніі. А вось віншаванні ў адрас балгараў ад расійскіх дыпламатаў гучаць больш нейтральна.
Некаторыя балгарскія палітыкі пабачылі ў гэтым спробу сарваць планы еўрапейскай інтэграцыі балканскіх краінаў. Як вядома, для ўступлення ў Еўрасаюз той жа Паўночнай Македоніі трэба фармальная згода з боку ўсіх дзяржаў — чальцоў аб’яднання, уключаючы Балгарыю. Між тым, нацыяналістычны энтузіязм ў Скоп’е, які, маўляў, правакуе Масква, абурае шматлікіх балгар і фармуе запыт на тое, каб накласці вета на еўрапейскія амбіцыі македонцаў.
Каментуючы віншаванне з нагоды 24 траўня, балгарскае выданне «Факты» піша: «Тое, што адбылося 24 траўня 2021 года, — гэта не проста чарговая расійская правакацыя. Гэта сістэматычная гібрыдная аперацыя. Сёння Крэмль у чарговы раз на справе і словамі даказвае, што менавіта ён распальвае агонь у катле непаразумення паміж нашымі народамі».
Такім чынам, вайна за Кірылу і Мяфодзія трывае. І яе галоўнай ахвярай, на думку шмат каго, можа быць адно з улюбёных святаў балгар. «Чым больш яно (24 траўня) будзе набываць адзнакі палітычнай інстытуалізацыі, тым больш будзе губляцца ўласцівы яму характар народнага і чагосьці не напружанага», — мяркуе балгарская газета «Дневнік».