Замест «Здрастуйте, товариші» — «Слава Україні». Падпісаны закон пра вайсковае вітанне
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў закон аб прыняцці ва Узброеных сілах і Нацыянальнай паліцыі вітання «Слава Украіне!», паведамляе «Радыё Свабода».
Не «товариш», а «пан» або «пані»
Пра гэта Парашэнка расказаў 11 кастрычніка на сустрэчы з камандзірамі брыгадаў Узброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай памежнай службы ў час працоўнай паездкі ў Хмяльніцкую вобласць.
«Парламент падтрымаў прапановы прэзідэнта, прыняў закон, і я яго падпісаў, па зменах вайсковых статутаў адносна вайсковага вітання, — заявіў Парашэнка. — „Слава Украіне“ ёсць сёння абсалютна натуральным для кожнага ўкраінскага ваяра і для кожнага ўкраінскага грамадзяніна».
На «Слава Україні» вайскоўцу і міліцыянту трэба — цяпер гэтага афіцыйна вымагае закон — адказваць «Героям слава».
Ранейшае вайсковае вітанне таксама было па-ўкраінску, але на савецкі ўзор: вітанне «Здрастуйте, товариші!» і адказ «Бажаємо здоров’я!». Таксама закон замяняе зварот «товаришу» на ўкраінскі «пане (пані)».
Упершыню вітанне «Слава Україні» ў сучаснай украінскай дзяржаве выкарысталі афіцыйна 24 жніўня на парадзе з нагоды Дня Незалежнасці ў Кіеве. Само вітанне распаўсюдзілася на пачатку XX стагоддзя, у 1918–1921 гадах стала «паролем» украінскіх нацыяналістаў. Паводле папулярнай ва Украіне версіі, вітанне створанае на ўзор хрысціянскага вітання «Слава Ісусу Хрысту!».
У Беларусі на сёння захоўваюцца старыя вітанні, звароты і адказы, як то «Здравия желаю», «смирно» і «товарищ». Беларуская мова ў беларускім войску практычна не выкарыстоўваецца, хоць намёкі на магчымасць шырэйшага ўжывання нацыянальнай мовы ў войску былі нават у дзяржаўнай прэсе.