Жаночы вобраз беларускага пратэсту

Ва Уроцлаве ствараецца мурал, прысвечаны салідарнасці з Беларуссю і ў памяць аб узнагароджанні беларускай апазіцыі прэміяй ім. Сахарава. Ён будзе ўяўляць сабой постаць жанчыны, як сімвал жаночай рэвалюцыі і як вобраз тых жанчын, якія ўзначалілі беларускі мірны пратэст, а таксама ў гонар ўсіх тых беларусак, якія мужна выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў.

Праца над муралам

Праца над муралам

Выява з’явіцца на фасадзе дома па вуліцы Легніцкай, 64. Мурал будзе вельмі добра бачны, бо вуліца Легніцкая з'яўляецца адной з галоўных транспартных магістраляў горада. Праект здзяйсняецца па ініцыятыве Бюро Еўрапейскага парламента ва Уроцлаве. Аўтарам роспісу з'яўляецца беларуская мастачка з Брэста Ганна Радзько, аўтарка ілюстрацыі Рамана Бандарэнкі «Я выходжу». Афіцыйнае адкрыццё мурала запланаванае на 31 сакавіка.
Паводле ініцыятара праекта і дырэктара бюро Еўрапейскага парламента ва Уроцлаве Лешака Гася, мурал будзе яшчэ і сігналам таго, што Уроцлаў і Еўрапейскі Саюз стаяць за імі сцяной. Лешак Гась так каментуе ягостварэнне:

Міграцыя ўзмацняецца, асабліва ў апошні час. Як рэгіянальнае бюро, мы хочам ўнесці нашу цэгліну ў інтэграцыйны Уроцлаў. Ствараючы мурал, мы збіраемся ўпісацца ў гарадскі пейзаж. І ў той жа час мы хочам паказаць, што наша дзейнасць не абмяжоўваецца толькі пляцоўкай, а ўваходзіць у прастору Уроцлава.

Флэшмоб каля Сырэнкі ў Варшаве

Флэшмоб каля Сырэнкі ў Варшаве

fota_kacjaryny_hruszeckaj__3__logo.jpg


fota_kacjaryny_hruszeckaj__4__logo.jpg


А яшчэ будзе створаны фільм пра тое, як ішла праца над муралам. У працы над фільмам будуць задзейнічаны беларускія артысты, а музычным матывам стануць «Муры» Яцэка Качмарскага па-беларуску ў выкананні акцёраў уроцлаўскага музычнага тэатра «Капітоль». Беларусы Уроцлава плануюць адзначыць адкрыццё мурала і дапамогуць перакласці фільм на беларускую мову.



Гераіня мурала будзе дэманстраваць непахіснасць і нязломную рашучасць. Але пры гэтым яна будзе мірнай, на знак характэрнай мірнай барацьбы беларускіх пратэстаў. Мірны пратэст беларусаў супраць дыктатуры, якідоўжыцца ўжо некалькі месяцаў, мае з большага жаночы твар. Галоўнымі яго сімваламі сталі лідар дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская і нязломная Марыя Калеснікава, сябра Каардынацыйнай Рады. Летась Дэмакратычная апазіцыя Беларусі, якую прадстаўляе Святлана Ціханоўская і яшчэ 9 чалавек, была ўзнагароджаная Еўрапарламентам прэміяй ім. Сахарава за Свабоду думкі. Таксама беларускія жанчыны за сваю рашучую барацьбу і дзейнасць былі намінаваныя на Нобелеўскую прэмію міру. І таму мурал прысвечаны менавіта жанчынам, героям барацьбы за будучыню нашай краіны. Сярод тых, хто займаецца роспісам мурала, ёсць беларускі, якія стала пражываюць у Польшчы.

За час мірных пратэстаў шмат беларусак былі вымушаныя пакінуць радзіму па палітычных матывах. Але актыўную дзейнасць яны працягнулі і на эміграцыі, беларускія жанчыны прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных акцыях у падтрымку Беларусі. У Варшаве вядомасць набылі масавыя флэшмобы сусветнага чэленджа «Jerusalema», адзін з такіх быў зладжаны 7 лютага, у Дзень Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю, ініцыяваны Святланай Ціханоўскай.

Чэлендж "Jeruzalema"

Чэлендж "Jeruzalema"


fota_kacjaryny_hruszeckaj__6__logo.jpg



А да Дня Волі дзяўчыны ў вопратцы ў колерах нацыянальнага сцяга зладзілі адмысловы флэшмоб – сярэднявечныя ліцвінскія танцы пад песню гурта PAWA «Шлях дамоў». Пры гэтым флэшмоб прайшоў з выкарыстаннем раёных сцягоў. Удалым атрымалася і месца правядзення – каля фантана са скульптурай сырэнкі (сімвал Варшавы), у якасці мадэлі да якой у свой час выступіла ўраджэнка Мінскай губерніі Крыстына Крахельска (1914–1944), даследчыца беларускага фальклору, паэтэса і ўдзельніца Варшаўскага паўстання. Яе бацькі пераехалі ў Польшчу пасля падзей Слуцкага паўстання.
Нядаўна ў Варшаве паўстала яшчэ адна суполка беларускай дыяспары – «У пратэста жаночы твар. Варшава», у якую ўваходзяць выключна жанчыны, які па палітычных матывах апынуліся паза межамі радзімы ў Польшчы. Яе ўзначаліла Ганна Шаркоўская, якая пераехала ў Варшаву на вучобу па праграме Каліноўскага, адна з актывістак грамадзянскай ініцыятывы «Сумленныя людзі». Суполка прымае актыўны ўдзел у палітычных акцыях беларускай дыяспары, займаецца вырабам бранзалетак з нацыянальнай сімволікай і міні-сцяжкоў для акцый, плакатаў, стыкераў і ўкладышаў для распаўсюджвання.

fota_kacjaryny_hruszeckaj__7__logo.jpg

Актывісткі суполкі «У пратэста жаночы твар. Варшава». У цэнтры - лідарка суполкі Ганна Шаркоўская. 

fota_kacjaryny_hruszeckaj__8__logo.jpg


Беларускі нагадваюць – мы выходзілі, выходзім і будзем выходзіць да таго часу, пакуль патрабаванні народа не будуць выкананыя. Беларускі польскай дыяспары ўсімі сіламі падтрымліваюць пратэст на роднай зямлі і заклікаюць дыяспару больш актыўна выходзіць у Польшчы і нагадваць нелігітымнай уладзе па той бок мяжы, што пратэст ніколі не садзьмецца, а таксама падтрымліваць баявы дух землякоў, якія засталіся дома. Цяпер як ніколі важная падтрымка адзін аднаго і згуртаванасць.
Фота Кацярыны Грушэцкай