Затрымана дырэктар Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры — за "русафобскія кнігі"
Дырэктар маскоўскай Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры Наталля Шарына была затрыманая пасля правядзення ператрусаў у будынку ўстановы і допыту ў Следчым камітэце.

Укрінфарм
Як перадае ТАСС, падчас дзённага ператрусу следчыя знайшлі ў будынку бібліятэкі «мноства розных выданняў з русафобскай інфармацыяй». Пасля гэтага дырэктара бібліятэкі даставілі на допыт у СК. Цяпер Шарыну затрымалі на двое сутак. Следчыя плануюць звярнуцца ў суд з запытам аб арышце.
Днём 29 кастрычніка ў будынку бібліятэкі пачаўся ператрус, аператыўнікі канфіскоўвалі дакументы, электронныя носьбіты і некаторыя кнігі ў пошуках газет з матэрыяламі «русафобскага характару».
У снежні 2010 года Бібліятэку ўкраінскай літаратуры ў Маскве ўжо абвінавачвалі ў распаўсюдзе кніг антырасійскай і антырускай накіраванасці, і нават была распачата справа аб ўзбуджэнні нянавісці, аднак тады па просьбе ўладаў Украіны працу бібліятэкі дазволілі аднавіць.