Журналістка ВВС распавяла пра свой вымушаны ад'езд з Масквы

«Мне сказалі, што я ніколі не змагу вярнуцца».

sara_reynsford_bbc_skrinshot_bolshoy_razgovor.png

Брытанская журналістка Бі-бі-сі Сара Рэйнсфард, якая задавала на прэс-канферэнцыі нязручныя пытанні Лукашэнку, павінна да канца жніўня пакінуць Расію. Афіцыйная версія здарэння — скончылася віза. Але сама карэспандэнт лічыць: тое, што адбылося — гэта «трывожны сігнал пра стан спраў у Расіі і яшчэ адзін крок у бок пагаршэння адносінаў краіны са знешнім светам».
Англійская карэспандэнт Бі-бі-сі Сара Рэйнсфард пачала працаваць у Расіі ў пачатку двухтысячных, яна была адным з першых замежных журналістаў, якія прыехалі ў Беслан асвятляць захоп закладнікаў у школе № 1 у верасні 2004 года. Пасля гэтага яна працавала ў Стамбуле, Мадрыдзе і Гаване. Таксама журналістка паўдзельнічала ў «Вялікай размове» з Лукашэнкам 9 жніўня гэтага года. Тады Рэйнсфард спытала яго пра легітымнасць і неабходнасць пераменаў у Беларусі. На што Лукашэнка адказаў, што Бі-бі-сі «зусім недасведчаны канал» і «скача пад амерыканскую дудку».
Праз некалькі дзён пасля «Вялікай размовы» ў Маскве адмовіліся падоўжыць Сары Рэйнсфард расійскую візу, яна павінна будзе пакінуць краіну да канца жніўня. Гэта рашэнне патлумачылі зваротным дзеяннем на дыскрымінацыю расійскіх СМІ ў Вялікабрытаніі і адмовы выдаваць візы расійскім карэспандэнтам.
Пры гэтым ТАСС са спасылкай на тэлеканал «Дождж» паведаміла, што афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава назвала «несусветная лухтой» спробы злучыць непрацягненне рабочай візы карэспандэнту Бі-бі-сі Сары Рэйнсфард з яе пытаннямі ў адрас Аляксандра Лукашэнкі і ніяк не звязана з яе журналісцкай дзейнасцю. А ў тым, што яна вяртаецца ў Вялікабрытанію, «выключна і толькі заслуга яе радзімы».
«Ніякага дачынення да таго, што яна пісала, як яна пісала, як яна працавала, які яна чалавек, якія ў яе палітычныя погляды — наша рашэнне не мела. Гэта мера ў адказ. У чалавека сканчалася віза, мы папярэджвалі некалькі разоў, мы пра гэта казалі. На жаль, нас не пачулі, было прынятае такое рашэнне», — адзначыла Захарава.
Сама Сара Рэйнсфард паведаміла Бі-бі-сі, што для яе гэта катастрофа, і тое, што адбылося, вельмі яе ўзрушыла, таму што яна не чакала рашэння аб непадаўжэнні візы.
«Мяне высылаюць — гэта не адмова падоўжыць маю візу, хоць тэхнічна гэта выглядае так. Мяне высылаюць, і мне сказалі, што я ніколі не змагу вярнуцца».
Рэйнсфард адзначыла, што Расея для яе была «не проста месцам камандзіроўкі». Ёй падабалася распавядаць пра краіну, але рабіць гэта становіцца ўсё цяжэй. На яе думку, расійскія незалежныя журналісты сутыкаюцца з вельмі сур'ёзнымі праблемамі, але замежная прэса была больш-менш абаронена ад пераследаў.
«Я думаю, гэта відавочная прыкмета, што сітуацыя змянілася. Гэта яшчэ адзін трывожны сігнал пра стан спраў у Расіі і яшчэ адзін крок у бок пагаршэння стасункаў Расіі са знешнім светам — сігнал, што Расія ўсё больш адгароджваецца».