«Аксана Колб — душа беларускай журналістыкі»
Палітзняволеная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 па абвінавачанні ва ўдзеле ў «масавых беспарадках». Сёння, калі адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы, мы папрасілі калег Аксаны, сяброў і аўтараў выдання распавесці, хто яна для іх.
Уладзімір Някляеў, паэт:
— З Аксанай Колб пазнаёміў мяне Аляксей Кароль, першы галоўны рэдактар «Новага Часу», якога я ведаў яшчэ са школьных гадоў. Неяк дамовіліся мы сустрэцца ў рэдакцыі для інтэрв'ю, але ён прыхварэў. Патэлефанаваў: «Ты ж любіш абаяльных, дык цябе сустрэне Аксана, у ёй больш абаяльнасці, чым ува мяне. Бо калі я кароль, дык яна прынцэса».
Што праўда, тое праўда. Нельга сказаць, што сам Аляксей быў не абаяльны (па-мужчынску яшчэ які!), але калі ў ім была абаяльнасць караля, дык у Аксане — сапраўды абаяльнасць прынцэсы. Да таго ж харатар у ёй угадваўся мяккі — і калі ў час выпрабаванняў выявіліся ў гэтай мяккай абаяльнасці сіла і моц, я быў здзіўлены. Як, дарэчы, здзіўлены я быў і многімі іншымі людзьмі, найперш жанчынамі, якія не выглядалі змагаркамі (як, напрыклад, падобная да флейты Калеснікава), але выявілі ў супрацьстаянні дабра са злом, прыгажосці з пачварнасцю такую мужнасць, якую без перабольшванняў можна назваць гераізмам.
Верагоднасць быць арыштаванай была ў Аксаны на 99 адсоткаў большай, чым верагоднасць заставацца на волі. Але сказаўшы: «Я не пакіну Беларусь», — яна не пакінула яе. Я не сцвярджаю, што гэта гераізм, але гэта, як мінімум, мужнасць. І яшчэ, што нават важней, гэта прынцыповасць, вернасць прамоўленаму і напісанаму слову, без чаго не можа быць сапраўднага журналіста і сапраўднай журналістыкі. Дый проста сапраўднага чалавека.
Аксана Колб ва ўсім сапраўдная. І ў сваёй сіле, і ў сваёй мяккасці, праз якую не можа яна прайсці міма ніводнай, кінутай на вуліцы, хатняй жывёліны. Я ўжо не кажу пра тое, каб прайсці міма выкінутай сёння на вуліцу беларушчыны, міма праўды, справядлівасці, затаптанага ботамі паліцэйшчыны закона. Адданая Беларусі, яна аддае ёй усё, што мае, і калі б жывы быў Кароль, які перадаў ёй клопат пра «Новы Час», ён мог бы ёй ганарыцца.
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:
— Аксана Колб — душа беларускай незалежнай журналістыкі. Ёсць у нашай прафесіі рукі, ёсць вельмі хуткія ногі — калегі, якія робяць вельмі хуткія крэатыўныя матэрыялы. А ёсць чалавек, які заўсёды падтрымае, скажа добрае слоўца, прыменіць свой выдатны таленавіты, менавіта рэдактарскі розум — вось гэта Аксана. Гэта чалавек, які ніколі не адмовіць, нават калі гэта будзе нешта складанае ці рызыкоўнае. «Новы Час» і Аксана заўсёды будуць побач.
Акрамя сваіх непасрэдных журналісцкіх абавязкаў і выдатнага аналітычнага выдання, якіх цяпер вельмі мала ў Беларусі, Аксана і «Новы Час» — гэта яшчэ і крыніца розных дабрачынных акцый і акцый падтрымкі. Гэта зорка з пляяды нашых выдатных рэдактараў беларускай медыяпрасторы. На жаль, яна далучылася да спісу з нашых 24 калегаў, якія знаходзяцца за кратамі. Але мы чакаем, пішам, падтрымліваем і будзем рабіць гэта да таго часу, пакуль усе яны не апынуцца на волі.
Людміла Самусенка, маці палітзняволеных Аляксея і Кіма Самусенкаў:
— Калі я ў першы раз прыйшла ў рэдакцыю «Новага Часу», заходжу — а мне насустрач шырокая ўсмешка. А я ж у арганізацыю зайшла — тут павінна быць усё сур’ёзна! Але якое сур’ёзна — весела, радасна, добра! І як зайшла на хвілінку, так і засталася.
Аксана адразу прыняла мяне да сябе, і мне не захацелася закрывацца. Яна была такая шчырая ў размове, у адносінах, у сваіх эмоцыях. Яна не толькі шчыра выказвала свае эмоцыі, але і вельмі зацікаўлена слухала. І гэта было вельмі па-чалавечы. Гэта першы чалавек, якому я публічна распавяла пра свае вельмі асабістыя абставіны. Я зусім не хвалявалася, бо зразумела, што Аксана паставіцца да гэтага вельмі далікатна і мне не зробяць балюча.
Бывае, сустракаеш чалавека, і трэба спачатку да яго прыгледзецца, ці можна яму давяраць. Да Аксаны не трэба прыглядацца. Ёй можна давяраць. Неяк мы адразу апынуліся на адной хвалі, у нас знайшліся агульныя цікавасці, адна з іх — гэта сабакі.
Мы сустракаліся яшчэ некалькі разоў, больш размаўлялі па тэлефоне. Але гэта былі шчырыя размовы, я размаўляла, нібыта з чалавекам, якога ведаю калі не ўсё жыццё, то са старэйшых класаў школы. Мы маглі размаўляць пра ўсё і разумелі адна адну, таму што ў нас аднолькавыя погляды на нейкія прынцыповыя жыццёвыя пытанні.
Я з Аксанай прайшла яшчэ адзін урок. Літаральна перад тым, як яе арыштавалі, яна мне патэлефанавала і запрасіла да сябе. Але нешта мне не хацелася ехаць, не ведаю, чаму. І я ператэлефанавала і сказала, што не паеду, бо адчувала, што не трэба ехаць. І цяпер я крыху шкадую, што не паехала да яе і не паразмаўляла. Я гэта зраблю, але тады, калі выйдуць усе нашы палонныя. Я ўпэўнена, што гэта будзе хутка, мы будзем усіх абдымаць. І я ўпэўнена, што Аксана выйдзе з новымі планамі на будучыню, бо сустрэне вялікую колькасць вельмі цікавых людзей.
Аляксандр Дзядок, бацька палітзняволенага аўтара «Новага Часу» Мікалая Дзядка:
— За час, што я ведаю Аксану, у мяне склалася ўражанне, што яна — надзвычай моцны чалавек, які дакладна ведае сваю жыццёвую мэту — гэта вельмі рэдкі выпадак, — і ідзе да гэтай мэты проста, нягледзячы ні на якія абставіны. Я перакананы, што яна — мацнейшая за многіх моцных, яна з катэгорыі такіх людзей як Марыя Калеснікава, я магу параўнаць яе і з нашым Мікалаем.
Мяне заўжды ўражвала, як яна стасуецца з людзьмі. Высокі інтэлект, высокая культура і мацнейшы жыццёвы досвед.
Я памятаю першую нашую сустрэчу, калі яна ўручала мне дыплом Мікалая за перамогу ў конкурсе маладых журналістаў імя Аляксея Караля. Я ўбачыў перад сабой вельмі незвычайнага яркага чалавека. Увогуле, столькі гадоў кіраваць газетай, прычым такой, якая пастаянна ў змаганні, і сабраць такі калектыў — гэта трэба ўмець. Пычым тут нават не столькі прафесіяналізм, колькі асабовыя чалавечыя якасці, уменне згуртаваць людзей вакол сябе. І дзякуючы ёй у тым ліку Коля рос як журналіст.
Сяргей Шапран, аўтар «Новага Часу»:
— Мы бачыліся за некалькі дзён да яе арышту. Аксана была ў добрым настроі, хоць гаварыла, што стамілася апошнім часам і не выключала, што за ёй могуць прыйсці. Яна ўжо даўно не выключала гэтага, тым не менш вырашыла, што нікуды не з’едзе з гэтай краіны — тут яе дом.
Яна была непапраўнай аптымісткай. Зрэшты, чаму была? — была, ёсць і, канешне, будзе. І не толькі таму, што скончыла гістарычны факультэт БДУ і добра ведае, чым заўсёды сканчваюцца такія гісторыі, як наша (а яны ніколі не бываюць назаўсёды), — Аксана была, ёсць і будзе аптымісткай па прыродзе. А яшчэ таму, як сама гаварыла, што сілкавалася аптымізмам ад людзей, што званілі і прыходзілі ў рэдакцыю. Жыццё віравала вакол яе і вакол газеты, і Аксана была ў эпіцэнтры гэтага віру. Следам за шаноўным Аляксеем Сцяпанавічам Каралём яна рабіла адну з найлепшых газет у краіне, і толькі ёй адно было вядома, чаго насамрэч гэта каштавала — якіх высілкаў, нерваў і здароўя. Але яна не здавалася і была перакананая, што ўсё заўсёды робіцца да лепшага. І калі я выказваў спачуванні ў сувязі з тымі праблемамі, што напаткалі чарговым разам газету, яна адказвала: «Ай, нічога, перажывем. І не такое перажылі». Па шчырасці, я зайздросціў і зайздрошчу яе аптымізму. Аднак, відаць, сапраўдныя рэдактары і павінны быць такімі — заўзятымі аптымістамі з верай у лепшае.
Аксана любіла сваю працу. І будзе любіць, калі вернецца і зноў зоймецца сваім любімым «Новым Часам». Гаварыла, што не шкадуе пра некалі зроблены выбар, хоць доўга жыла ў здымнай кватэры. «Грошы — рэч неабходная, але не галоўная, — казала неяк. — Гэта прывілея — працаваць там, дзе падабаецца, і камунікаваць з тымі, хто падабаецца. І не здраджваць сабе і сваім прынцыпам». І дадавала: «Вось дабудую свой саламяны домік і буду ўнука гадаваць».
І сапраўды дабудавала і гадавала. І калі выйдзе на волю (а ў тым, што некалі так і будзе, сумненняў няма, бо мы ж ведаем з гісторыі, чым сканчваюцца такія гісторыі), яна будзе па-ранейшаму жыць у сваёй краіне ў сваім саламяным доміку і будзе гадаваць унука і рабіць адну з найлепшых газет у краіне. Бо гэта яе краіна і гэта яе час.
Ганна Ермаковіч, аўтарка «Новага Часу»:
Наша мілая Аксана Колб блаславіла нас на далёкае падарожжа, а праз тыдзень ад нашага ад’езду трапіла ў палон. Як бы мне жадалася, каб перад ёй былі гэтыя шыкоўныя відарысы замест сцяны бруднай камеры, каб яна ўдыхала на поўныя грудзі брыз, а не рабіла кароткія ўдыхі ў прапаленым памяшканні, каб шпацыравала ўздоўж акіяна, а не ўздоўж калідора СІЗА. Як нам усім жадалася схаваць яе, абараніць ад чорных шчупальцаў, але гэта яна зрабіла ўсё, каб абараніць нас, а сама засталася, проста таму што павінна была застацца.
Мець у жыцці такога сябра як Аксана — вялікае шчасце. Да яе заўсёды жадаецца цягнуцца, быць годным такога падарунку лёсу. А зараз, калі здарылася гэтае гора, жадаецца быць побач як ніколі, і сэрца напаўняецца лютай нянавісцю да тых, хто чыніць злачынствы, ствараючы перашкоды для таго, каб Аксана спала ў цёплым месцы, каб піла ўласнаруч сабраную гарбату і цалавала сваіх сабак.
Выбітнай журналістцы Аксане Колб заўсёды патрэбна быць у цэнтры падзеяў, так сталася, што сэрца беларускіх падзеяў сёння б’ецца ў ізалятарах. Я не сумняваюся, што цяпер Аксана ўважліва слухае гісторыі з жыцця сукамерніц і, верагодна, ужо прыдумала новы праект; што насуперак усяму яна смяецца там сваім шчырым смехам і перажывае толькі за тое, каб мы тут таксама не расклеіліся, каб працягвалі жыць, смяяца і працаваць. Мы вельмі стараемся, але як жа балюча, і слёзы самі коцяцца па твары.
Мы патрабуем, заклікаем, молім аб неадкладным вызваленні Аксаны Колб!
Калі гэта прачытаюць тыя, хто непасрэдна змясціў Аксану туды: людзі, хаця б стаўцеся да яе па-чалавечы і з павагай у гэтым палоне. Зразумейце, які гэты гонар — быць з ёй побач, і як шмат вы ўзялі на сябе, калі вырашылі, што маеце права распараджацца яе жыццём.
Віка Трэнас, паэтка, рэдактарка:
— Да Аксаны Колб — пані Аксаны, як я найчасцей да яе звяртаюся — я заўжды адчуваю піетэт, як вучаніца перад настаўніцай. Так жа, як у свой час я крыху саромелася, сустракаючыся па справах з Аляксеем Каралём. Калі сутыкаешся з людзьмі, якіх без перабольшання можна назваць сумленнем нацыі, якія абралі не прафесію, а пакліканне — думаеш, наколькі далёкі яшчэ шлях да сапраўднай самасці самому табе. Ёсць з каго ўзяць прыклад.
«Я ніколі не займалася тым, што мне не падабаецца, таму нічога тут параіць табе не магу», — рэзюмавала пані Аксана, калі я распавядала ёй пра свой горкі досвед працы ў дзяржаўных рэдакцыях. Прынцыповасць, адданасць сваёй справе і безумоўная адказнасць перад чытачамі, перад сваёй камандай, і ўрэшце — перад сваёй краінай. Чалавек, унутры якога сталёвы стрыжань, чалавек-скала — так, гэта і ёсць пані Аксана. Добрая, прывабная, тонкаінтэлектуальная, эмацыйная жанчына. Незалежная журналістыка для яе — справа ўсяго жыцця. Яна нават думкі не магла дапусціць пра тое, каб з’ехаць. Гэта справа гонару і годнасці — быць тут і цяпер.
Рэдакцыя гуртуецца вакол пані Аксаны, як сям’я. Адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго — гэта пра «НЧ». Хаця я супрацоўнічаю з выданнем даўно, аднак збольшага аддалена, і нават на адлегласці адчуваю еднасць з чальцамі каманды. І, канечне, журналісцкая этыка. Ведаю канкрэтныя кейсы, калі пані Аксана не выдала ні аўтара артыкула, ні яго суразмоўцаў, калі была патрэба ў ананімнасці журналісцкага расследавання. Галоўрэд, які гарой стаіць за сваіх, калегі, побач з якімі ты пачуваешся ў бяспецы — гэта найвялікшая каштоўнасць і раскоша, асабліва цяпер — я ўпэўнена, многія пагодзяцца са мной.
У Менску мы з пані Аксанай жылі зусім побач. Я абажаю наш раён. Калі я заходзіла да яе ў астатні раз, то моцна спяшалася, і мы сустрэліся каля яе пад’езда. У мяне хварэлі дома адны мае гадаванцы-папугаі, а ўсе ведаюць, як моцна пані Аксана любіць усё жывое — ад малога да вялікага, і мы колькі хвілін з добрым гумарам пагаманілі пра тое-сёе... Пані Аксана, Вы запрасілі тады мяне на гарбату, а я не забеглася. Я абяцаю — усё наладзіцца, мы вернемся пераможцамі дадому, сустрэнемся на нашым любімым раёне, і я завітаю да Вас на гарбату. Мы вернемся.
Арына Сянькевіч, аўтарка «Новага Часу»:
— Мяне перапаўняюць эмоцыі, усярэдзіне разрываецца сэрца ад гэтага нечалавечага стаўлення да людзей, да свайго народа, да журналістаў, якія проста выконваюць сваю працу. Аксана не проста прафесіянал сваёй справы, яна яшчэ і наша МАМА — менавіта так мы называем нашага галоўнага рэдактара.
Цяпер яна знаходзіцца за кратамі, у жудасных умовах. І вельмі страшна ўяўляць тое месца, дзе яна зараз. За што яе забралі, мы не разумеем. Гэты чалавек — самы добры і шчодры на зямлі, тая, якая заўсёды ўсміхаецца і нясе святло ў гэты свет. Менавіта яна стварыла цёплую і дружную атмасферу ў калектыве, якая ёсць у нас. Мы верым, што ты адолееш, выстаіш і вернешся да нас з ганарліва паднятай галавой, не даўшы сябе зламаць. А мы ў сваю чаргу абяцаем працягваць сваю справу.
Мы патрабуем вызваліць Аксану Колб!
Алена Лапцёнак, праваабаронца:
Арышт Аксаны адгукнуўся, безумоўна, дадатковым болем. Гэта той нярэдкі цяпер выпадкак, калі нічога не можаш зрабіць, нічым дапамагчы, хочацца проста крычаць. Поствыбарчыя падзеі 2020-га пераўзыйшлі многія прагнозы, хоць мы ж ведалі з папярэдняга вопыту — проста не будзе. І калі напачатку было 40-60, потым 100 палітвязняў, здавалася, далей няма куды. І што мы бачым сёння — толькі прызнаных пад 1200, а ўсіх астатніх! Дакладнай статыстыкі ўзбуджаных палітычных крымінальных справаў і колькасць людзей, якія па іх праходзяць, няма. Напэўна, і само МУС збілася з падліку. «Краіна у кратах» — спяваў «Уліс» у далёкім 1989-м, перад самым развалам буйной савецкай дзяржавы. Мінула ХХ стагоддзе, а ў новым трэцім тысячагоддзі нас ізноў чакаў суцэльны дзень сурка. Сумна, прыкра, невыносна. Сёння Беларусь рэальна пераўтварылася ў адну вялізарную зону.
Аксана, нягледзячы ні на што, заставалася да апошняга на радзіме. Гэты выбар мяне, у пэўным сэнсе, бянтэжыў: навошта падстаўляцца? У тым, што прыйдуць раней ці пазней, асабліва сумнявацца не даводзілася. З іншага боку, яе выбар, аптымізм абнадзейваў, захапляў, мне асабіста не стае такой мужнасці і вытрымкі. Размаўлялі апошнім часам не часта, Аксана гісторык, яе развагі, меркаванні мяне заўсёды цікавілі. Выдатны рэдактар, адказны, на сваім месцы. «Новы Час» лічу адным з найлепшых беларускіх выданняў, дзякуючы прафесіяналізму калектыву, а таксама апантанасці кожнага з іх.
Я, між іншым, ніколі не бачыла Аксану раззлаваную, заўсёды добразчылівая, лёгкая ў стасунках, з вялікай эмпатыяй, чалавечная, гасцінная. Аксана шмат у чым прыклад для мяне. На жаль, у сучаснай Беларусі турма для абраных, для самых лепшых і самых годных. Якія дзеля будучыні гатовыя ахвяраваць сваёй свабодай, яны — наш гонар!
Мы з Аксанай адзін астралагічны знак, дні народзінаў нашыя побач, я яе адчуваю, хоць і не перастаю здзіўляцца. Адзін такі выпадак, калі яна найбольш мяне ўразіла любоўю да братоў нашых меншых, пакінуўшы сабе ўсіх шчанюкоў сваёй некалі падабранай на дарозе дварнягі Лакі. Аднойчы на прагулцы тая збегла, і праз пэўны час яшчэ + 4 з’явілася ў хаце. Прыстроіць абы-каму і абы-куды Аксана не пагадзілася: толькі сябрам-знаёмым у кватэру, ніякіх будак на вёсках ці не дай бог ланцуг. Я некалькі разоў прыходзіла ў госці да ўсяго сямейства, хатняя «псарня» надзвычай выхаваная і паслухмяная, кожны даваў лапу ў чаканні сушак.
Маленькія шчанюкі — адно замілаванне, але ж яны растуць. «Вазьмі Лілу, — агітавала, пасміхаючыся, Аксана, — яна твая». «Чаму Лілу, а Люк хіба не?» — супраціўлялася я, разважаючы, што дзяўчынкі тры, а хлопчык адзін, то цікавей. «Не, з Люкам ты не справішся, а Лілу не такая труслівая, як Люсі, забірай». У нейкі момант я ледзьве не пагадзілася, але ж у мяне каты. Мець сабаку значна большая адказнасць і клопат, не была я гатовая да прыняцця такога рашэння, хоць такое сваяцтва з Аксанай і лічыла за радасць. На новы год — Год Сабакі — у фб яна выклала фота-паштоўку ўсяго хвастатага рудага сямейства. Здаецца, і ўнучак нарадзіўся таксама праз некалькі месяцаў, і яны нейкі час жылі ўсе разам такой вялікай кампаніяй. Я шалела ад ўяўлення сябе ў такіх абставінах, а Аксаны хапае на ўсіх з яе вялікім сэрцам.
Адрас для лістоў і тэлеграм: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА-1. Колб Аксана Мікалаеўна.