Пра што пісаць на Валадарку палітзняволенай рэдактарцы «НЧ» Аксане Колб? Лайфхак ад Марыі Мартысевіч
Аўтарка «Новага Часу», пісьменніца Марыя Мартысевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку дала некалькі парадаў тым, хто хоча даслаць ліст за краты Аксане Колб.
![278693796_10222933471898110_1919873886115466422_n.jpg 278693796_10222933471898110_1919873886115466422_n.jpg](/img/v1/images/278693796_10222933471898110_1919873886115466422_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«СІЗА1 — цяпер паштовы адрас шэфіні газеты «Новы час» Аксаны Колб, заслужанай журналісткі беларускіх незалежных медыя, — піша Марыя Мартысевіч. — Аксана прынцыпова не з’ехала з Беларусі, нягледзячы на тое, што кіраўнікі СМІ сёння — галоўны прыцэл рэпрэсіўнай машыны».
Далей Марыя распавядае, пра што Аксане будзе цікава і прыемна прачытаць.
Напішыце Аксане пра экалагічныя спосабы будоўлі і ўтрымання вашага дому ці лецішча
«Аксана збудавала ўласны дом са спрэсаванай саломы, бо гэта найбольш бяспечна і энергазберагальна. Наступны яе ДН у ліпені мы мусім святкаваць ужо там. Яна ад самага нуля кіравала працэсам будоўлі і магла ў дэталях кансультаваць па кожным этапе. Мы з ёй у размовах спыніліся на самым прыемным — адзелцы і фармаванні ландшафту.
Энергазбераганне — адна з важных тэм, якая ў апошнія гады асвятлялася «Новым Часам».
Напішыце пра сваіх хатніх улюбёнцаў.
«Аксана — сабачатніца, у яе дома некалькі пёсікаў (і, па-мойму, кот). Яна таксама актывістка арганізацыі па ратаванні хатняй жывёлы. Так атрымалася, што ў мяне ні сабачак, ні котак, і я з гэтай нагоды заўсёды зазнаю моцную крытыку ад Аксаны. Але вы — не такія! Абавязкова раскажыцей пра свой досвед.
Дапамога ратаўнікам жывёл — важная тэма “Новага часу” пад кіраўніцтвам Аксаны».
Напішыце пра вашых малых дзяцей і ўнукаў.
«Трохгадовы ўнук Аксаны Генрых жыве ў ЗША, іх надоўга разлучыў каронавірус. Аксана вельмі сумуе па малышу. Мой Лявон перыядычна выступаў намеснікам Генрыха, але роднага ўнучка ну хто ж заменіць!»
Напішыце пра ваш любімы спосаб актыўнага адпачынку.
«Аксана — аматарка самага рознага фітнесу. Дайшло да таго, што яна арандавала і паставіла ў рэдакцыі вакуумны велатрэнажор. Калі я год таму прыйшла звальняцца, мяне на яго загналі... Гэта былі паўгадзіны вужас. Эфектам быў зарок адмовіцца ад шкоднай ежы, каб не цярпець такое. А Аксана нічо. Выдавала газету проста за гэтым агрэгатам. Вунь ён у нас за спінамі».
Напішыце пра тое, як вы любіце «Новы час»
«Бо вы, я ведаю, сапраўды любіце і чытаеце нашу газету. У процівагу нашаму любімаму светлай памяці Аляксею Каралю, часам летуценнаму і абстрактнаму, Аксана — каралева канкрэтыкі. Гэта заўсёды былі два крыла, якія трымалі нас. «НЧ» — важная частка Аксанінага жыцця. Як і майго».
Аксану Колб затрымалі 20 красавіка. Ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”».
Падтрымаць Аксану Мікалаеўну Колб можна лістамі на адрас: г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, 220030.