Памёр рэжысёр фільма «Дарога на Курапаты» Міхаіл Жданоўскі. Развітанне з ім пройдзе сёння
Як паведаміў у сваім Фэйсбук публіцыст і палітык Сяргей Навумчык, памёр Міхаіл Жданоўскі, рэжысёр фільма «Дарога на Курапаты» (аўтар сцэнарыя – Аляксандр Лукашук, аператар — Сяргей Пятроўскі) з удзелам Зянона Пазняка.

Міхаіл Жданоўскі. Фота з nashaniva.com
Міхаілу Жданоўскаму было 84 гады. Рэжысёра не стала 20 кастрычніка.
Вось што казаў Жданоўскі ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» некалькі гадоў таму: «Фільм рабіўся як мастацкі твор. У мяне там няма ніводнай канкрэтнай асобы, мы нават Пазняка там не называем, проста Зянон. Там ёсць Кат, ёсць Народ з вялікай літары, ёсць Суддзя, Следчы, Злачынца з вялікай літары. І фільм наш заканчваецца фразай жанчыны, якая гаворыць пасля ўсяго апафеозу, нібыта пачаліся новыя часы. Яна кажа: "Хто яго ведае. Неяк з Зянонам размаўляла, а мінуць гады — як яно будзе? Як мой бацька казаў, закон, што дышла — куды павярнуў, туды і выйшла”. Уласна кажучы, народ не памыляецца».
У даробцы Міхаіла Жданоўскага — не толькі гэта карціна. За стварэнне цыкла «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Мікалая Равенскага» ў 1990-я кінематаграфіст атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.
Глядзіце таксама

Пры Лукашэнку «Дарогу на Курапаты» паклалі на паліцу і ніколі не дэманстравалі на экранах.
У 2000-я Міхаіл Жданоўскі, зыходзячы з патрабаванняў часу, здымаў дакументальныя карціны больш камернага тыпу — прысвечаныя беларускім постацям культуры, цікавым асобам: «Ва ўсе дні», «Семдзесят пятая восень Андрэя Мдзівані», «Маэстра Анісімаў» і іншыя.
Жданоўскі выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вёў курс маладых дакументалістаў у 2010-я, але ў выніку інтрыг і паклёпу быў «звольнены».
Развітанне з Міхаілам Жданоўскім адбудзецца 23 кастрычніка па адрасе: Кульман, 33a з 12:00 да 12:45.
Глядзіце таксама
