Севярын Квяткоўскі здолеў пакінуць Беларусь
Пісьменнік і журналіст з'ехаў з Беларусі. «Вырваўся з Мордара. Я на вольнай тэрыторыі», — напісаў ён у Фэйсбуку.
Квяткоўскага затрымалі 19 студзеня на кватэры сваякоў. Перад тым ён паўгода правёў за межамі Беларусі. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, як дзверы ў кватэру выломваюць сілавікі ў амуніцыі са шчытамі, перадае Еўрарадыё.
Квяткоўскага затрымалі за перапост у сацсетках роліка, «у загалоўку якога была абраза супрацоўніка брэсцкай міліцыі». Пра гэта ён сказаў у «пакаяльным» відэа, якое знялі міліцыянты.
22 студзеня яго выпусцілі на волю ў Пінску. Пасля выхаду з-за кратаў Квяткоўскі паведаміў, што на яго пачалі крымінальную справу аб абразе сілавіка.