У Камітэт па правах чалавека ААН пададзена скарга ад імя Віктара Бабарыкі

У Камітэт па правах чалавека ААН пададзена скарга ад імя Віктара Бабарыкі аб парушэнні яго правоў па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, распавёў адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

photo_2021_04_02_15_55_08.jpg


Дзмітрый Лаеўскі паведаміў, што ў скарзе выклалі абставіны парушэння наступных правоў — права на свабоду; права на выказванне меркавання; права прымаць удзел у дзяржаўных справах і быць абраным на дзяржаўную пасаду, непрадстаўленне сродкаў прававой абароны ад парушэння гэтага права; правы на недыскрымінацыю; правы на справядлівае судовае разбіральніцтва, уключаючы права на абарону, права на прэзумпцыю невінаватасці, права на роўнасць бакоў у працэсе, права на публічнае судовае разбіральніцтва і права на абскарджанне прысуду, піша REFORM.by.

Камітэт просяць прызнаць парушэнне гэтых правоў і абавязаць дзяржаву вызваліць Бабарыку, ануляваць судзімасць, выплаціць кампенсацыю і вярнуць канфіскаваную маёмасць.

«Наша мэта — каб была пастаўлена прававая кропка. Высновы КПЧ ніхто не можа аспрэчыць, гэта вышэйшы орган. Калі да моманту рашэння Бабарыка будзе яшчэ ў калоніі, то рашэнне КПЧ — наймацнейшы прававы аргумент у іншых працэсах, накіраваных на вызваленне», — заявіў Лаеўскі.

Нагадаем, экс-банкіра і прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, палітык застаўся без адвакатаў: усіх яго абаронцаў пазбавілі ліцэнзіі. Раней ён пісаў, што яму забаранілі выконваць фізічныя практыкаванні падчас 10-хвілінных перапынкаў на працы, людзям, якія знаходзяцца ў калоніі, забараняюць з ім мець зносіны, а напярэдадні Новага года ў яго рэчах правялі ператрус у яго адсутнасць.