Прэс-сакратар А1 знаходзіцца на Валадарцы

Начальнік упраўлення па грамадскіх сувязях кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Пра гэта ў Facebook напісалі яго сябры.

mikalaj_bredzeleu.jpg


Нагадаем, Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня. У праўладных телеграм-каналах з'явілася відэа, на якім ён кажа аб тым, што «зліваў» закрытую інфармацыю аб кліентах і вымушана распавёў падрабязнасці асабістага жыцця. Пасля гэтага ў тых жа каналах А1 пачалі называць «кампаніяй-тэрарыстам», піша REFORM.by.

У пасольстве Аўстрыі ў Беларусі выказалі пратэст супраць такога парушэння асабістых правоў чалавека. У А1 Telekom Austria Group асудзілі ўмяшанне ў асабістае жыццё супрацоўніка і паабяцалі скарыстацца ўсімі магчымымі юрыдычнымі і дыпламатычнымі спосабамі для абароны супрацоўніка. З крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў выступіў таксама аўстрыйскі МЗС.

Праваабаронцы прызналі Мікалая Брэдзелева палітычным зняволеным.

Пазней у кампаніі пачалі карпаратыўную праверку. Адзначалася, што доступ да дадзеных кліентаў строга рэгулюецца і рэгіструецца індывідуальна, і пасаду Брэдзелева такога доступу не прадугледжвала.