А1 не атрымлівала афіцыйных прэтэнзій уладаў, але пачала карпаратыўную праверку

A1 Telekom Austria Group не валодае інфармацыяй аб судовых працэсах, звязаных з яе даччынай кампаніяй у Беларусі, заявіў прадстаўнік аўстрыйскай кампаніі.

188_2020_02_25_a1.jpg


«У цяперашні час нам не вядома пра якія-небудзь судовыя працэсы, у тым ліку супраць A1-Беларусь, мы ведаем пра гэтыя абвінавачанні толькі з неафіцыйных каналаў», — сказаў у нядзелю прадстаўнік A1 Telekom Austria Group у Вене, адказваючы на пытанне аўстрыйскага агенцтва друку, піша REFORM.by.

Ён падкрэсліў, што доступ да даных кліентаў строга рэгулюецца і рэгіструецца індывідуальна. Паводле яго слоў, пасада Мікалая Брэдзелева ў кампаніі не прадугледжвае якога-небудзь тэхнічнага доступу. Тым не менш ён паведаміў, што пачалася пашыраная карпаратыўная праверка.

Па словах прадстаўніка А1, беларускія ўлады, з якімі кантактуе кампанія, пакуль не змаглі паказаць тып і маштабы якіх-небудзь уцечак. Афіцыйныя органы не ініцыявалі праверку сістэм і працэсаў A1 у Беларусі, падкрэсліў прадстаўнік A1 Telekom Austria Group.

Нагадаем, супрацоўніка кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня. У праўладных Telegram-каналах з'явілася «пакаяннае» відэа з ім. Брэдзелева абвінавачваюць у тым, што ён «зліваў» закрытую інфармацыю аб кліентах кампаніі. Пасля гэтага ў тых жа каналах А1 пачалі называць «кампаніяй-тэрарыстам».

У пасольстве Аўстрыі ў Беларусі выказалі пратэст супраць такога парушэння асабістых правоў чалавека. У А1 Telekom Austria Group асудзілі ўмяшанне ў асабістае жыццё супрацоўніка і паабяцалі скарыстацца ўсімі магчымымі юрыдычнымі і дыпламатычнымі спосабамі для абароны супрацоўніка. З крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў выступіў таксама аўстрыйскі МЗС.