«Абумоўлена эпідсітуацыяй». Улады абмяжуюць колькасць назіральнікаў на ўчастках для галасавання
Падчас датэрміновага галасавання на ўчасткі пусцяць не больш за трох назіральнікаў, у асноўны дзень — максімум пяць. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран падчас сустрэчы з работнікамі Мінскага ЖКГ.
Цуран патлумачыў, што «такая колькасць назіральнікаў і адсутнасць фіранак у кабінках для галасавання абумоўленыя эпідсітуацыяй», піша Еўрарадыё са спасылкай на праваабаронцаў.
Нагадаем, што раней Цэнтрвыбаркам распарадзіўся прыбраць фіранкі з кабінак для галасавання. Матываваў тым жа: «прафілактыкай рызык, звязаных з распаўсюджваннем каронавіруса».
Гэтую практыку чыноўнікі з ЦВК увялі яшчэ на выбарах 2020 года, калі дэмакратычныя сілы заклікалі фатаграфаваць бюлетэні. На гэтым рэферэндуме апазіцыя таксама раіць ставіць два крыжыка і фатаграфаваць бюлетэнь.
Варта таксама адзначыць, што ў гэтую кампанію ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не трапіў ні адзін з апазіцыйных кандыдатаў.
Нагадаем, Лукашэнка прызначыў рэферэндум на 27 лютага. Грамадзянам прапануюць выказацца з нагоды змен у канстытуцыю краіны.