Беларусь перакрыла адну галіну нафтаправода «Дружба» ў напрамку Польшчы: для рамонта

«Гомельтранснафта» на трое сутак абмежавала прапампоўку нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў напрамку Польшчы.

druzhba1.jpg


«З учорашняга дня "Гомельтранснафта" пачала пазапланавы рамонт на адной з галін магістральнага нафтаправода "Дружба", абмежаваўшы прапампоўку ў напрамку Адамавай Заставы (Польшча) арыенціровачна на трое сутак, пры гэтым планавае заданне месяца не пераглядаецца» — цытуе ТАСС афіцыйнага прадстаўніка «Транснафты» Ігара Дзёміна.

Нагадаем, днямі Лукашэнка ў сувязі з міграцыйным крызісам і чаканымі санкцыямі сказаў, што Еўропе «варта падумаць» аб транзіце газу праз Беларусь, які ідзе праз магістральны газаправод «Ямал-Еўропа». У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што рэжым у Мінску гатовы пайсці на любыя самыя жорсткія і крайнія меры ў адказ на ўвядзенне 5-га пакета санкцый ЕС.

Нафтаправод «Дружба» забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і яе транзіт у Еўропу. Трубаправод бярэ свой пачатак у Самарскай вобласці, праходзіць праз Бранск і далей разгаліноўваецца на два ўчасткі: паўночны і паўднёвы, праходзіць праз Беларусь, Украіну, Польшчу, Чэхію, Славакію, Германію, Венгрыю, Латвію, Літву.

ААТ «Гомельтранснафта Дружба» ажыццяўляе перапампоўку нафты, якая паступае з расійскай часткі нафтаправода «Дружба» ў напрамку краін Заходняй і Усходняй Еўропы, забяспечвае вуглевадароднай сыравінай беларускую нафтахімію, ажыццяўляе транспарціроўку нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі.