Süddeutsche Zeitung: У Лукашэнкі ёсць мэта. Ён хоча стаць кашмарам Еўропы

«Лукашэнку больш няма чаго губляць — і таму ад яго можна чакаць чаго заўгодна. Дык ці варта ЕС ісці яму насустрач? Або лепш пакараць яго? У абодвух выпадках пераможа Пуцін, якому больш за ўсё падабаецца бачыць ЕС бездапаможным», — піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.

1637136219_cb9a62e47c50ca1fad523e7de195a239.jpg


«У Аляксандра Лукашэнкі ёсць мэта. Ён хоча стаць кашмарам Еўропы. ЕС павінен баяцца яго, некіравальнага кіраўніка ў Мінску, які прыгнятае свой народ, зганяе самалёты, выкрадае спартовак, катуе крытыкаў, а цяпер яшчэ і выкарыстоўвае адчай тысяч уцекачоў для нападу на сваіх суседзяў. Ад дыктатара можна чакаць усяго — і ён хоча, каб яго ўспрымалі менавіта так: як чалавека, якому ўжо няма чаго губляць і якога не варта раздражняць, у прыватнасці, новымі санкцыямі», — адзначае журналістка Зільке Бігалке.

«Няма сумневаў у тым, што Лукашэнка сам завабліваў бежанцаў у Беларусь. (...) Зусім іншае пытанне, аднак, заключаецца ў тым, наколькі Крэмль датычны да гэтага бесчалавечнаму плану. Пуцін заўсёды стаяў на баку Лукашэнкі, калі дыктатар правакаваў сваіх еўрапейскіх суседзяў. І без дапамогі Крамля Лукашэнка не быў бы сёння ва ўладзе, таму што ў Беларусі ў яго няма падтрымкі. Аднак гэта не дае Пуціну такога кантролю над дэспатам, як можна было б падумаць — і як хацелася б самому Пуціну. Хутчэй, крамлёўскаму лідару даводзіцца сачыць за тым, каб Лукашэнка не стаў кашмарам і для яго», — гаворыцца ў артыкуле.

«Пакуль што Пуцін здабывае выгаду з беларускіх махінацый, што не азначае, што ідэя стварэння маршруту для ўцекачоў зыходзіла з Крамля. (...) Але цалкам магчыма, што Лукашэнка як мінімум абмяркоўваў гэта з Пуціным, перш чым абвастрыць сітуацыю на мінулым тыдні і накіраваць вялікія групы ўцекачоў у кірунку Польшчы».

«У наступныя дні Крэмль не толькі актыўна падтрымліваў Лукашэнку. Ён таксама выкарыстаў крызіс, каб абвінаваціць Захад у прытоку ўцекачоў, прадставіць Еўропу крывадушнай за тое, што яна не прымае людзей, якія замярзаюць у беларускіх лясах. Пуціну больш за ўсё падабаецца глядзець на бездапаможны і раз'яднаны ЕС, калі той сутыкаецца з праблемай. Калі Брусэль пойдзе насустрач Лукашэнку, гэта прымусіць ЕС выглядаць слабым. Калі Брусэль пакарае Лукашэнку, гэта падштурхне яго да яшчэ большай залежнасці ад Масквы. У абодвух выпадках выйграе Пуцін», — мяркуе выданне.

«Тактыка Пуціна заўсёды заключалася ў тым, каб прадстаўляць сябе толькі назіральнікам або пасярэднікам у канфліктах, напрыклад, на Усходзе Украіны. Але на гэты раз яго стратэгія не зусім спрацавала. Хоць пакуль няма ніякіх бачных доказаў таго, што Расія дапамагае Лукашэнку ў ягоным бізнесе па дастаўцы мігрантаў, Брусэль, відаць, мяркуе менавіта пра гэта і разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць расійскай авіякампаніі "Аэрафлот". Пуцін павінен быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні Лукашэнкі, і ў прынцыпе гэта справядліва. Нават калі Лукашэнка не ўсе абмяркоўвалі з ім».

«Зрэшты, важнае і пытанне, ці можа Пуцін спыніць дыктатара. На выходных можна было нядоўга назіраць, як Лукашэнка ідзе насуперак волі Крамля: ён прыгразіў, што больш не дасць расійскаму газу паступаць праз Беларусь у Еўропу. (...) Кіраўнік у Мінску ніколі не быў прадказальны і для Крамля», — піша выданне.

«Дый свет, у якім Лукашэнка падпарадкоўваўся б Пуціну, выглядаў бы інакш: Расія і Беларусь даўно б сталі саюзнай дзяржавай з агульным парламентам і адзінай валютай. Лукашэнка прызнаў бы Крым часткай Расіі і прыняў бы ў Беларусі новую канстытуцыю, якая рэгулявала б яго пераемнасць. Пакуль што дыктатар адмаўляе Пуціну ў гэтым. Лукашэнка падазрае, што Крэмль чакае зручнага моманту, каб замяніць яго. І наступ гэтага моманту ён хоча адцягнуць».

«Крызіс на мяжы павінен дапамагчы яму ў гэтым. Калі Лукашэнка сапраўды здолее прымусіць ЕС весці з ім перамовы, гэта ўмацуе яго пазіцыі ў Еўропе і паменшыць яго залежнасць ад Крамля».

«Пуцін будзе даваць яму свабоду дзеянняў да таго часу, пакуль канфлікт з ЕС будзе прыносіць яму больш выгады, чым выдаткаў сіл, пакуль уцекачы з Беларусі не патрапяць у Расію, пакуль Лукашэнка не перакрые расійскія газаправоды і не справакуе ваенны канфлікт на мяжы. Магчыма, Лукашэнку ўжо няма чаго губляць, але гэтага нельга сказаць пра Пуціна», — заключае Süddeutsche Zeitung.

Крыніца: inopressa.ru, пераклад НЧ