Экс-прэм'ер Літвы: Трыбунал над Лукашэнкам быў бы выразным сігналам Пуціну

Міжнародны трыбунал супраць Лукашэнкі будзе выразным сігналам прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, які цяпер правярае здольнасць Еўропы абараняць сябе, перш чым павялічыць маштаб правакацый.

ecvebxpwoaaftrf.jpg


Пра гэта падчас круглага стала «Крызіс мігрантаў — інструмент расійскай гібрыднай вайны супраць Захаду» заявіў дэпутат Еўрапейскага парламента, былы прэм'ер Літвы Андрус Кубілюс, паведамляе Укрінформ.

У прыватнасці, еўрадэпутат лічыць безумоўным тое, што міграцыйны крызіс арганізаваны Лукашэнкам.

«Мы павінны паказаць, што нашай галоўнай задачай сёння з'яўляецца не толькі нагляд за мяжой, але і галоўная прычына праблемы, маю на ўвазе рэжым Лукашэнкі. Тут мы прапануем Еўрапарламенту засяродзіць нашы намаганні на тых кроках, якія прывядуць да міжнароднай справядлівасці для беларусаў, для міжнароднай супольнасці, і пачаць сапраўдную падрыхтоўку міжнароднага трыбунала супраць Лукашэнкі», — адзначыў Кубілюс.

Кубілюс перакананы, што Лукашэнка парушыў канвенцыю супраць бесчалавечнага абыходжання і Канвенцыю ААН супраць кантрабанды людзьмі. «Гэта ўсе магчымасці, якія мы абмяркоўваем з нашымі партнёрамі, міжнароднымі юрыстамі», — падкрэсліў еўрапарламентар.

«Мы павінны выкарыстоўваць гэты момант для таго, каб пазбавіцца ад таталітарнага рэжыму, паколькі адзін урок, які мы можам атрымаць з падзей апошняга года ў Беларусі і вакол, вельмі просты: калі мы дазваляем таталітарнаму рэжыму выжыць нягледзячы на ўсе пратэсты грамадзян, ён становіцца дыктатарскім і пачынае выкарыстоўваць усе тэрарыстычныя інструменты, каб пагражаць усім навокал», — канстатаваў палітык.

Кубілюс таксама падкрэсліў, што зрынанне Лукашэнкі будзе выразным пасланнем прэзідэнту РФ Пуціну не працягваць падобныя правакацыі.

«Калі Еўропа прадэманструе недастатковую палітычную волю, каб спыніць кантрабанду мігрантаў і рэжым Лукашэнкі, наступны крок будзе за Пуціным, але ўжо ў значна большым маштабе. Пуцін штурхае Лукашэнку наперад, каб праверыць магчымасць Еўропы абараніць сябе», — дадаў дэпутат Еўрапарламента.

Ён заклікаў Украіну ўзмацняць мяжу з Беларуссю, паколькі Украіна як частка еўрапейскай супольнасці можа быць таксама правераная на трываласць шляхам крызісу на мяжы.