Даяркі на Слонімшчыне абяцаюць страйкаваць і патрабуюць выплаціць зарплату

Тры месяцы не атрымліваюць заробку даяркі і работнікі Слонімскага раённага ўнітарнага сельска-гаспадарчага прадпрыемства «Пераможац».

thumbs_p3284766.jpg




Па словах вяскоўцаў, яны ўжо не могуць аплачваць камунальныя паслугі, і расце пеня, у школах настаўнікі закладваюць свае ўласныя грошы за дзяцей на розныя справы, у крамах на вэксаль гандляры тавараў ім ужо не даюць, бо і так вялікая запазычанасць.

 

«Ад бульбы нам ужо баляць страўнікі. Мы нікуды не можам выехаць і дапамагчы сваім дзецям, якія вучацца ў іншых гарадах — бо няма грошай. Гаспадарка каля 6–10 мільёнаў рублёў запазычала кожнаму работніку прадпрыемства», — са слязамі на вачах распавядаюць работнікі РУСП «Пераможац».

 

Работнікі прадпрыемства паабяцалі наладзіць страйк, калі ім да праваслаўнага Вялікадня не выплацяць заробак. Вялікдзень ім проста няма за што святкаваць.

 

Усе вяскоўцы без грошай. Выконваючы абавязкі кіраўніка РУСП «Пераможац» Мікалай Грэчышнікаў сказаў, што грошай на выплату заробку ім не хапае, бо ў першую чаргу неабходна разлічвацца з рознымі крэдытамі і даўгамі.

 

«Калі б дзяржава нам пагасіла ўсе запазычанасці, то з людзьмі мы разлічваліся б своечасова. А так з фінансамі праблемы ёсць», — сказаў кіраўнік гаспадаркі.

 

Запазычанасць па зарплаце на некалькі месяцаў існуе і ў іншых сельскагаспадарчых прадпрыемствах Слонімшчыны.

Валянціна Рагозік, www.racyja.com
Фота аўтара